Словы з вясковай вуліцы

  • Вид работы:
    Тип работы
  • Предмет:
    Английский
  • Язык:
    Белоруский
    ,
    Формат файла:
    MS Word
    14,37 Кб
  • Опубликовано:
    2015-06-03
Вы можете узнать стоимость помощи в написании студенческой работы.
Помощь в написании работы, которую точно примут!

Словы з вясковай вуліцы














Словы з вясковай вуліцы

ЗМЕСТ

Уводзіны

1. Дыялектная лексіка

.1 Фанетычныя і граматычныя асаблівасці мясцовай гаворкі

.2 Лексіка-семантычныя групы дыялектных слоў

. Антрапанімія мясцовай гаворкі

Заключэнне

Спіс выкарыстаных крыніц

УВОДЗІНЫ

Жыццё чалавека нельга ўявіць без мовы. Мы размаўляем, чытаем, пішам. Часта карыстаемся не адной, а некалькімі мовамі. Сярод іх - беларуская мова, роля якой вельмі важная. Кожны народ па-свойму ўспрымае навакольны свет. Самабытнасць народа, яго нацыянальная адметнасць, яго характар, мараль, этыка найбольш выразна адлюстроўваюцца ў мове. Таму мова зяўляецца адной з найбольш істотных этнічных прыкмет народа. Па мове людзі пазнаюць, якой нацыянальнасці чалавек. Мова - гэта адзежа душы чалавека (казаў Францішак Багушэвіч), універсальная форма выяўлення, існавання і захавання духоўнай культуры нацыі [3, с.231].

Ва ўмовах двухмоўя, калі дзяржаўнай мовай побач з беларускай зяўляецца руская мова, мы становімся сведкамі таго, як родная беларуская мова адцясняецца на другі план. Аддаецца перавага рускай мове. А значыць, мы губляем штосьці сваё, беларускае, нацыянальнае. Гэта вельмі адчувальна, калі мець на ўвазе мясцовыя, дыялектныя словы.

Літаратурная мова ўзнікла на аснове мясцовых гаворак, яны - неадемная частка беларускай мовы.. М. А. Даніловіч у дапаможніку Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны піша: Каб мець сістэмнае ўяўленне пра мову, недастаткова засвоіць толькі яе літаратурную разнавіднасць. На гэта звярнуў увагу яшчэ ў першай палове ХІХ ст. французскі вучоны і пісьменнік Шарль Надзье, яму належыць фраза, якая стала крылатай: Хто не вывучаў уважліва гаворак сваёй мовы, той ведае яе толькі напалову [2, с.197].

Я вучуся ў сярэдняй школе ў горадзе, а месцажыхарства ў мяне застаецца тым жа: я нарадзілася і жыву ў вёсцы на мяжы двух раёнаў - Лідскага і Воранаўскага. Я кожны дзень бываю ў горадзе, таму неяк вастрэй адчуваецца, што дома, у вёсцы, гучаць іншыя словы, мясцовыя, якіх не пачуеш у горадзе, якім і у літаратурнай мове адпавядаюць другія словы.

Зразумела, вывучэннем дыялектнай мовы займаюцца вучоныя-лінгвісты. Для мяне цікавым было даведацца, ці зяўлялася абектам даследавання дыялектная мова Воранаўскага раёна, што можна даведацца пра асаблівасці мясцовай гаворкі маёй малой радзімы ў кнігах, слоўніках. Памочнікам тут стаў інтэрнэт. Цікава было гартаць Слоўнік Гродзенскай вобласці Таццяны Філіпаўны Сцяшковіч, даведацца пра існаванне Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы, кнігі Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Я даведалася пра такіх вучоных, як Т. Ф. Сцяшковіч, П. У. Сцяцко, А. П. Цыхун, М. А. Даніловіч, Н. К. Памецька і інш., якія займаліся і займаюцца вывучэннем гаворак Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Гродзенскага, Астравецкага і іншых раёнаў Гродзенскай вобласці. Разам з тым сярод шматлікіх прац навукоўцаў не называюцца тыя, дзе б усебакова і поўна даследаваліся гаворкі Воранаўскага, як, дарэчы, і Лідскага раёнаў. З кнігі Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны запомніліся наступныя словы: З 17 рэгіёнаў Гродзенскай вобласці толькі па двух раёнах (Зэльвенскім і Гродзенскім) створаны дыялектныя слоўнікі. Гаворкі астатніх раёнаў яшчэ чакаюць сваіх лексікографаў. Пакуль няма ў Беларусі слоўніка аднаго населенага пункта, слоўніка адной асобы [2, с.17].

Мая вёска невялікая, і лёс яе вельмі трывожыць, бо большая палова вясковых хат пустыя, у іх ніхто не жыве. Пераважную большасць жыхароў вёскі складаюць пажылыя людзі.

Абектам увагі падчас працы над тэмай работы зяўлялася мясцовая гаворка. Прадмет даследавання - лексіка мясцовай гаворкі. Мэта даследавання - выявіць спецыфічныя для гаворкі, дыялектныя словы, уласныя імёны, вызначыць асаблівасці іх функцыянавання. У працэсе даследавання ажыццяўляліся наступныя задачы: запісаць дыялектныя словы, уласныя імёны, адзначыць фанетычныя, граматычныя асаблівасці іх ужывання. Напісанню работы папярэднічала складанне картатэкі дыялектных слоў, у якую ўвайшло каля 200 лексічных адзінак. Спосаб іх падачы - у адпаведнасці з асноўнымі правіламі спрошчанага варыянта транскрыпцыі [2, с.203]. Работа складаецца з уводзін, дзвюх асноўных частак, у якіх падаюцца дыялектызмы і антрапонімы, і заключэння.

. ДЫЯЛЕКТНАЯ ЛЕКСІКА

.1 Фанетычныя і граматычныя асаблівасці мясцовай гаворкі

Назіранні за ўжываннем дыялектных слоў даюць магчымасць адзначыць некаторыя фанетычныя асаблівасці:

пашыранае выкарыстанне ў параўнанні з літаратурнай мовай прыстаўнога гука [г]: гаве́чка, гавё́с, гу́ліца, го́стры, гарэ́хавы;

пашыранае выкарыстанне выбухнога гука [г]: Гара́нцы, Сьмільгіні́, Ге́ня, гарсэ́т, ні́гды, магазы́н;

адсутнасць якання пры выкарыстанні адмоўнай часціцы не і ў некаторых іншых выпадках: ні бу́дзя, ні мо́жна, німа́, ціпе́р;

вымаўленне гука [а] ў паслянаціскным становішчы: хло́пяц, ве́цяр, грэ́бянь, бо́ляй, да́ляй;

вымаўленне ў некаторых выпадках гука [э] замест [і] пасля мяккіх зычных:павуце́ня, рабаце́ня, халадзе́льнік, заце́рка;

замена ў асобных выпадках гукаў [в], [ў] на гук [л]: алто́бус, слабо́дны, лы́мя;

адсутнасць падаўжэння зычных: варэ́ня, насе́ня, адзе́ня;

ужыванне ў прыметніках з памяншальна-ласкальным значэннем суфікса -янк- з цвёрдым гукам [н]: ро́днянка, це́нянкі, зялё́нянкі.

Граматычныя асаблівасці назіраюцца пры выкарыстанні розных часцін мовы:

выкарыстанне націскнога канчатка -э (-е) замест -ы (-і) у назоўніках назоўнага склону множнага ліку: валасэ́, пазурэ́, індыке́, агурке́;

выкарыстанне націскнога канчатка -э пасля зацвярдзелых зычных у назоўніках меснага склону адзіночнага ліку: у вядрэ́, на дажджэ́;

выкарыстанне ненаціскнога канчатка -і пасля мяккіх зычных у назоўніках меснага склону адзіночнага ліку: у ха́ці, у ле́сі, на во́зі, у шко́лі;

ужыванне назоўнікаў ніякага роду адзіночнага ліку назоўнага склону з канчаткам -я: адзе́ня, васэ́ля, варэ́ня, зе́лья;

выкарыстанне сцягнутай формы назоўнікаў на -ыя, -ія (ва ўсіх склонавых формах): апара́ця, зрабі́лі апара́цю, ні было́ апара́ці; пэ́нся, ні далі́ пэ́нсі; мілі́ця, завялі́ ў мілі́цю;

выкарыстанне кароткай формы прыметнікаў ніякага і жаночага роду адзіночнага ліку назоўнага склону: дро́бна бу́льба, ве́лька бу́льба, ле́тня ку́хня, высо́ка дрэ́ва;

выкарыстанне прыслоўяў з канцавым -э: сюдэ́, тудэ́, угарэ́, тадэ́;

выкарыстанне дзеясловаў першага спражэння ў трэцяй асобе адзіночнага ліку цяперашняга і будучага часу з канчаткам -я: чыта́я, пачына́я, бу́дзя, ста́ня, адзе́ня;

выкарыстанне дзеясловаў загаднага ладу ў форме другой асобы множнага ліку з канцавым -я: нясе́ця, хадзе́ця, ста́ньця, а таксама формы на -ча: е́шча, ля́шча;

выкарыстанне дзеясловаў у форме першай асобы множнага ліку цяперашняга часу з канцавым -мо: стаімо́, сядзімо́, ляжымо́;

выкарыстанне дзеяслова ест (ёсць): Яму́ ўжэ́ ест сем гадо́ў;

ужыванне лічэбнікаў ядына́сьця, двана́сьця, трына́сьця, штарна́сьця, пятна́сьця, шасна́сьця, седымна́сьця, васімна́сьця, дзівятна́сьця (пад уплывам польскай мовы).

вясковая гаворка дыялектный

1.2 Лексіка-семантычныя групы дыялектных слоў

Фарміраванне лексікі мясцовай гаворкі абумоўлена і геаграфічным становішчам вёскі Гаранцы, і падзеямі гістарычнага мінулага і сучаснасці, уплывам суседніх моў. Асабліва адчувальным зяўляецца ўплыў польскай мовы. Выкарыстанне паланізмаў вельмі актыўнае ў маўленні людзей старэйшага пакалення. Такія словы займаюць значнае месца сярод дыялектных слоў.

Запісаныя дыялектныя словы можна аднесці да некалькіх лексіка-семантычных груп:

назвы прадметаў хатняга ўжытку, прылад працы;

назвы вопраткі, абутку;

назвы страў, прадуктаў харчавання;

словы, што абазначаюць розныя дзеянні, прадметы, іх прыкметы;

словы-абазначэнні зяў прыроды, раслін, жывёл, птушак;

чалавек, яго характарыстыка;

словы для абазначэння часавых, прасторавых, колькасных паняццяў.

Назвы прадметаў хатняга ўжытку, прылад працы

Балё́н, -у, м. Надуўны гумовы шарык. Балё́н да таксу́фкі прывяза́лі.

Бляша́нка, -і, ж. Посуд для адзялення смятаны ад малака. Бляша́нку з малако́м у сту́дню апуска́юць.

Вазані́чка, -і, ж. Гаршчок для вазона. Вазані́чка с патста́ўкай была́.

Во́сялка, -і, ж. Ручка ў вядры. Вядро́ за во́сялку бяры́.

Во́рак, -а, м. Мяшок. Во́ркі з бу́льбай ляжа́ць.

Го́лка, -і, ж. Іголка. Го́лкаю шы́ла.

Дзярка́ч, -а, м. Стары венік. Дзяркачо́м мялі́ падво́рак.

Жаля́ска, -а, н. Прас. Гара́ча жаля́ска стаі́ць.

Зага́рак, -а, м. Гадзіннік. Зага́рак на руцэ́.

За́смарга, -і, ж. Завязка. За́смарга ў во́рку парва́лася.

Зэ́даль, -я, м. Лаўка. Зэ́даль прынясі́ й сяць.

Зу́бы, -оў, мн. Від карункаў з краем у выглядзе трохвугольнікаў. Зу́бы да прасціра́дла прышыва́лі.

Каблу́к, -а, м. 1. Ручка ў кошыку. Грыбо́ў у ко́шыку па са́мы каблу́к. 2. Выгнуты дугою пруток. На каблучке́ на заго́ні агурке́ накры́лі.

Кае́т, -а, м. Сшытак. Пі́ша ў кае́ці.

Капа́чка, -і, ж. Невялікая лапата для капання бульбы. У гаро́дзі капа́чкаю бу́льбу капа́ла.

Капшу́к, -а, м. Кашалёк. Гро́шы ў капшу́к схава́ў.

Ко́льчыкі, -аў, мн. Завушніцы. Залаты́я ко́льчыкі ў вуша́х.

Коц, -а, м. Шарсцяная коўдра. Ко́цам накры́ўся ўно́чы.

Куба́рка, -і, ж. Банка. У бляша́най куба́рцы цьвіке́.

Лю́фцік, -а, м. Фортка ў акне. Лю́фцік на́нач аччыня́лі.

Мада́ль, -я, м. Медаль. Усе гру́дзі ў мадалё́х.

Мы́дла, -а, н. Мыла. Ру́кі мы́длам памы́й.

Мэ́рля, -і, ж. Марля. З мэ́рлі цадзі́лак зрабі́ць.

Мядні́ца, -ы, ж. Таз. У мядні́цы мы́ла адзе́ня.

Наўле́чка, -і, ж. Навалачка на падушку. Наўле́чка на по́душку но́вая.

Па́цяркі, -аў, мн. Бусы. Па́цяркі на шы́і.

Паўтале́жык, -а, м. Невялікая талерка. Паўтале́жык на стале́ стаі́ць.

Пігу́лка, -і, ж. Таблетка. Пігу́лкі ад галавэ́ ў міне́ ест.

По́лка, -і, ж. Пялёнка. Дзяце́й у по́лках гадава́лі.

Прасціра́дла, -а, н. Прасціна. Прасціра́дла на ло́шка засла́ць.

Пудэ́лка, -а, н. Каробка з кардону. Го́лкі ў пудэ́лку ляжа́ць.

Рамушо́к, -а, м. Раменьчык. Рамушо́к да зага́рка.

Сага́н, -а, м. Чыгун. Бу́льбу ў сагане́ спа́рыць.

Смо́чак, -а, м. Соска-пустышка. Смо́чак у дзіця́ці на зямлю́ ўпаў.

Сталява́ня, -я, н. Столь. Сталява́ня ў ха́ці пакра́сілі.

Судзі́нка, -і, ж. Гаршчок для вазона. У судзі́нцы вазо́н расьце́.

Хо́днік, -а, м. Палавік. Хо́днік на падло́зі ляжы́ць.

Цадзі́лак, -а, м. Кусок тканіны для працэджвання малака. Прас цадзі́лак малако́ працадзі́ць.

Шыдэ́лка, -а, н. Вязальны кручок. Зу́бы шыдэ́лкам вяза́лі.

Назвы вопраткі, абутку

Вайла́к, -а, м. Валёнак. У вайлако́х зімо́й цё́пла.

Вэ́лян, -у, м. Вэлюм. Вэ́лян у маладо́й.

Гаплю́к, -а, м. Аплік, кручок для зашпільвання. Гаплю́к у кафтане́.

Гарсэ́т, -а, м. Жаночая безрукаўка. У гарсэ́ці цяпле́й хадзі́ць.

Кало́йша, -ы, ж. Штаніна. Кало́йшы ў по́ртках шыро́кія.

Кама́ш, -а, м. Чаравік. У кама́шах абу́ўшыся.

Кімяно́, -а, н. Вопратка без рукавоў. Суке́нка кімяно́м пашы́та.

Мана́рка, -і, ж. Мужчынскі пінжак. Мана́рка ат касьцю́ма застала́ся.

Ма́йткі, -аў, мн. Штаны. Хло́пяц у ма́йтках хо́дзіць.

Манке́т, -а, м. Манжэта. Манке́ты ў рука́вах парва́ліся.

О́буй, -ю, м. Абутак. О́буй тут стаі́ць.

Па́сак, -а, м. Пояс. Па́скам патпяраза́ўся.

Прашча́йкі, мн. Жаночы суконны зімовы абутак. Прашча́йкі зімо́й но́сяць.

Райсто́пы, -аў, мн. Калготы. Дзіця́чыя райсто́пы йшчэ ест.

Са́чак, -а, м. Жаночы пінжак. Са́чак надзе́ла дзісь.

Фрэ́нзлі, -яў, мн. Махры. Фрэ́нзьлі ў ху́сцы прышы́тыя.

Цяплё́нкі, -аў, мн. Тое ж, што і прашчайкі.

Швэ́дар, -а, м. Світар. Це́нкі швэ́дар адзе́ла.

Ясё́нка, -і, ж. Дэмісезоннае паліто. У ясё́нцы зімо́ю халадно́.

Назвы страў, прадуктаў харчавання

Булё́н, -у, м. Суп. Булё́н зва́раны ў сагане́.

Бу́лка (хлеба), -і, ж. Буханка. Бу́лку хле́ба купі́ць.

Гры́ка, -і, ж. Грэчка. Блінэ́ з гры́кі пяклі́.

Ква́шаніна, -ы, ж. Халадзец. Ква́шаніна засты́гла на хо́ладзі.

Кілба́са, -ы, ж. Каўбаса. Кілба́сы ў скле́пі купі́лі.

Клушч, -у, м. Тлушч. Клушч перапусьці́лі.

Мо́рфа, -ы, ж. 1. Морква 2. Малочны суп з морквы і бульбы. Мо́рфа на ве́чар зва́рана.

Панса́к, -у, м. Ячныя крупы. Панса́к до́ўга трэ́ба вары́ць.

Слані́на, -ы, ж. Сала. Слані́ны ціпе́р ніхто́ есьць ні хо́ча.

Со́ляна, -ай, ж. Звараная бульба. Со́ляна на вячэ́ру бу́дзя.

Чукуля́да, -ы, ж. Шакалад. Дзе́цям чукуля́ду даць.

Словы, што абазначаюць розныя дзеянні, прадметы, іх прыкметы

Абіра́ць, незак. Чысціць. Абіра́ць бу́льбу.

Блішчо́нцы, прым. Бліскучы. Блішчо́нцыя бо́ты.

Бурдо́вы, прым. Бардовы. Бурдо́вы цьвет.

Ве́лькі, прым. Вялікі. Ве́лькі во́рак на бу́льбу.

Глыка́ць, незак. Глытаць. Глыка́ць пігу́лкі.

Даклярава́ць, зак. Абяцаць. Даклярава́лі прыйсьці́ да нас.

Зала́твіць, зак. Вырашыць пэўнае пытанне. У го́радзі ўсё зала́твілі.

Зго́дня, прысл. Згодна. Жылі́ зго́дня.

Кале́йка, -і, ж. Чарга пасвіць кароў. Нам дзісь кале́йка.

Капе́ц, -а, м. Бурт. Бу́льбу ў капцы́ схава́лі.

Кася́рка, -і, ж. Касілка. Се́на кася́ркаю скасі́лі.

Каратка́вы, прым. Караткаваты. Камузэ́лька каратка́ва.

Кулё́ні, мн. Хутар. Я на кулё́нях жыла́.

Мато́цык, -а, м. Матацыкл. На мато́цыку е́гдзіць.

Матыкава́ць, незак. Палоць з дапамогай матыкі. Бураке́ то́лькі матыкава́лі.

Пабіва́ць, незак. Тое ж што і матыкаваць.

Памаранчо́вы, прым. Аранжавы. Памаранчо́ва ху́ста.

Перахля́біцца, зак.(пра жывёлу) Схуднець. Худы́, аш перахля́біўся.

Прыпя́ць, зак. Завязаць. Прыпя́ць фарту́х.

Склеп, -у, м. Магазін. Да скле́пу па хлеб хадзі́лі.

Стро́нціць, зак. Моцна ўдарыць. Руку́ стро́нціць.

Таксу́фка, -і, ж. Таксі. На таксу́фцы з го́раду прые́халі.

Усе́нкі, займ. Увесь. Усе́нкі дзень дошч ліў.

Це́нкі, прым. Тонкі. Це́нкі швэ́дар.

Це́нянкі, прым. Тоненькі. Це́нянкі мацяря́л.

Цы́мант, -у, м. 1. Цэмент. 2. Бетоннае пакрыццё. Зага́рак на цы́мант упаў.

Шчы́нкля, прысл. Шчыльна. Шчы́нкля дзьве́ры зачыні́ць.

Словы-абазначэнні зяў прыроды, раслін, жывёл, птушак

Баця́н, -а, м. Бусел. Бацянэ́ прыляце́лі.

Бласкаві́ца, -ы, ж. Маланка. Бласкаві́ца ўно́чы палі́ла.

Бульбаве́ня, -я, н. Бульбоўнік. Бульбаве́ня сярпа́мі жа́лі.

Гаро́дчык, -а, м. Палісаднік. Кве́ткі ў гаро́ччыку цьвіту́ць.

Казя́к, -а, м. Падбярозавік. Казяко́ў набра́лі.

Ко́тка, -і, ж. Кошка. Ко́тка с кацяня́тамі.

Ку́дра, -ы, ж. Сажалка. Ку́дра тут нідалё́ка.

Кудзя́рка, -і, ж. Тое ж, што і ку́дра.

Лупе́нік, -а, м. Масляк. Лупе́нікі пашлі́ ў ле́сі.

Пазе́мкі, мн. Суніцы. Пазе́мак шмат у ле́сі.

Падласо́вік, -а, м. Падасінавік. Падласо́вікаў набра́лі.

Пшчала́, -ы, ж. Пчала. Пшчо́лы трыма́юць.

Раба́к, -а, м. Чарвяк. Рабако́ў па дажджэ́ шмат.

Раўча́к, -а, м. Роў, канава. Раўчако́ў накапа́лі.

Румя́нак, -у, м. Рамонак. Дзяце́й у румя́нку купа́лі.

Сіні́цы, мн. Буякі, дурніцы (руск. голубика). Сіні́ц у ле́сі шмат.

Сло́нца, -а, н. Сонца. Сло́нца сьве́ціць.

Сло́нянка, -а, н. Памянш. ад слонца.

Стрымбу́ль, -я, м. Стрэлка (у расліны). Цыбу́ля ў стрымбуле́ пайшла́.

Труска́ўкі, мн. Клубніцы. Варэ́ня с труска́вак.

Тэ́нча, -ы, ж. Вясёлка. Тэ́нча на не́бі.

Хмара́, -ы, ж. Хмара. Хмара́ на не́бі.

Цыбу́лька, -і, ж. Гладыёлус. Цыбу́лька чырво́на расьце́.

Шчыпе́р, -а, м. Зялёны ліст цыбулі. Шпярэ́ ве́лькія вы́расьлі.

Юргі́ня, -і, ж. Вяргіня. Юргі́ні ў гаро́ччыку расту́ць.

Ядро́ны, прым. Ураджайны. Такро́к я́блыні ядро́ныя былі́.

Чалавек, яго характарыстыка

Андаля́ця, -і, ж. Від жаночай прычоскі з завітымі валасамі. Андаля́цю зрабі́ла.

Во́чы ўста́віць. Здзівіцца. Во́чы ўста́віла й ка́жа, што ні яна́ была́.

Выпрыду́шны, прым. Упарты. Выпрыду́шны хло́пяц, ніко́га ні слу́хая.

Гавэ́нда, -ы, ж. Гаворка, размова. Ні по́ймяш яго́ гавэ́нды.

Гамэ́рня, -і, ж. Вялікая сямя. Ні нако́рміш гэ́ту гамэ́рню.

Гярдзе́ль, -я, м. Пярэдняя частка шыі. Ша́ліка ні адзе́ў, усе́нкі гярдзе́ль го́лы.

Даць у ску́ру. Пакараць. Про́сіцца, кап далі́ ў ску́ру.

Жара́, -ы, ж. Высокая тэмпература цела. Хво́ры, жара́ ве́лькая.

Забры́нданы, прым. Брудны. Забры́ндана адзе́ня.

За ску́ру зайшло́. Штосьці даняло, вывела з раўнавагі. Мне ўжо за ску́ру гэ́та зайшло́.

Зе́гры вы́лупіць (груб., абразлів.). Глядзець. Чаго зе́гры вы́лупіў?

Зягра́ты, прым. Зіркаты. Зягра́ты хло́пяц.

Калацё́, -я, н. Запаленне лёгкіх. Калацё́ з двух бако́ў.

Куляжа́нка, -і, ж. Сяброўка. Куляжа́нку до́бру ма́я.

Лыгу́н, -а, м. Ілгун. Лыгу́н, ніпра́ўду ка́жа.

Лэб, -у, м. Лоб. Лэ́бам сту́кнуўся.

Ляда́шты, прым. Непаслухмяны. Ляда́шта дзіцё́.

Непамы́сна, прысл. Не мае сэнсу. Яму́ ў тако́й бядзе́ ўсё ніпамы́сна.

Нідаткнё́ны, прым. Крыўдлівы. Нідаткнё́ны, малаве́ля што, пла́ча.

Ні́зкі на во́чы. Блізарукі. Ні ві́дзіць, ні́скі на во́чы.

Непамысно́та, -ы, ж. Ад непамысна.

Пазу́р, -а, м. Ногаць. Халадно́, пад пазурэ́ зайшло́.

Пашчэ́мка, -і, ж. Ад зу́ба зда́йся ўся пашчэ́мка балі́ць.

Рамяно́, -а, н. Плячо. Рамяно́ балі́ць.

Ска́ба, -ы, ж. Рабро. Упа́ў і ска́бу злама́ў.

Скуля́шка, -і, ж. Прышч. Усе́нкі ў скуля́шках.

Ску́ра гары́ць. Няўрымслівы. На ім ску́ра гары́ць.

Спа́ра, -ы, ж. Месца паміж пальцамі. Ру́кі ў спа́рах папрэ́лі.

Спадлэ́бя, прысл. Спадылба. Глядзі́ць спадлэ́бя.

Хля́ба, -ы, ж. Бок. У хля́бі балі́ць.

Словы для абазначэння часавых, прасторавых, колькасных паняццяў

Ве́ля, займ. Колькі. Ве́ля ціпе́р ча́су?

Гэ́турок, прысл. Сёлета. Гэ́турок бу́льба ні ўрадзі́ла.

Двайгу́, прысл. Удвух. Двайгу́ вядро́ за во́сялку нясьлі́.

Дзісь, прысл. Сёння. Дзісь дажджу́ ні было́.

Дзі́сяка, прысл. Тое ж, што і дзісь.

Зэ́сну, прысл. Спрасонку. Зэ́сну ні разабра́ў нічо́га.

Малаве́ля, прысл. Трохі. Нідаткнё́ны, малаве́ля што, пла́ча.

Ні́гды, прысл. Ніколі. Ні́гды сюдэ́ ні прыягджа́ў.

Прэ́нтка, прысл. Хутка. Ідзе́ прэ́нтка.

Рок, -у, м. Год. Той рок ле́пшы быў.

Такро́к, прысл. Летась. Такро́к шмат я́блыкаў было́.

Та́мака, прысл. Там. Та́мака мы жылі́.

Ту́така, прысл. Тут. Ту́така бало́та, ні про́йдзяш.

Ты́ля, займ. Столькі. Ты́ля шмат грыбо́ў набра́лі.

Тэ́рас, прысл. Цяпер. Тэ́рас ні такі́я лю́дзі.

Цё́нгля, прысл. Заўсёды. Цё́нгля афтала́ўка прыягджа́я.

Для абазначэння дзён тыдня выкарыстоўваюцца словы: панідзелак, афторак, серада, чвартак, пёнтак, сыбота, нядзеля. Для абазначэння месяцаў - наступныя словы: стычань, люты, марац, квецянь, май, чэрвяц, ліпяц, серпянь, вжэсянь, пазьдзернік, лістапад, грудзянь. У маўленні людзей пажылога ўзросту нельга пачуць такія назвы, як студзень, сакавік, красавік, жнівень, верасень, кастрычнік, снежань. Гэтыя моўныя зявы абумоўлены ўплывам польскай мовы. Таксама адчуваецца ўплыў рускай мовы: выкарыстоўваюцца рускамоўныя адпаведнікі: апрэль, аўгуст, сенцябар і інш.

. АНТРАПАНІМІЯ МЯСЦОВАЙ ГАВОРКІ

Нельга ўявіць мясцовую гаворку без слоў-імёнаў людзей. У паўсядзённым ужытку яны гучаць неафіцыйна, маюць мноства варыянтаў, ацэначных адценняў, робяць мову самабытнай, адметнай.

Антрапонімы - асабовыя імёны людзей, імёны па бацьку, прозвішчы, мянушкі, псеўданімы [1, с.37]. Антапанімія - сукупнасць антрапонімаў пэўнай тэрыторыі. Гэта зява ў пэўнай ступені гістарычная. Большасць імёнаў людзей пажылога ўзросту ў маёй вёсцы - з польскай мовы, каталіцкага календара. На сённяшні дзень многія з іх ужо рэдкія, больш актыўна ўжываюцца мужчынскія імёны ў разрадзе імён па бацьку. І хоць на змену гэтым імёнам прыходзяць іншыя, сучасныя, усё ж існуе тэндэнцыя звароту да ранейшых, забытых, рэдкіх, прыгожых і цікавых.

Алю́к, А́лік, Алё́йза.

Амэ́лька, Амі́лія.

А́ня, Анцю́ня, Ню́ся, Га́нна.

Бо́ляк, Бо́лясь, Балясла́ў.

Бро́ня, Бранісла́ва.

Ва́цяк, Вацю́к, Вацла́ў.

Вла́дак, Владу́к, Уладзісла́ў.

Ві́цюк, Ві́ктар.

Вэ́рця, Вэ́рка, Ве́ра.

Ге́ня, Гіню́ся, Генаэ́фа.

Гэ́ля, Гэле́на.

Гэ́нюсь, Ге́нрых.

Ды́зя, Ды́зюк, Дыяні́з.

Зыгму́к, Зы́гмусь, Зы́гмунд.

Зю́так, Ю́зік, Ізю́к, Ю́заф.

Казю́к, Казімі́р.

О́ляк, Алякса́ндр.

Ро́мак, Ро́мусь, Рама́н.

Рэ́ня, Рэгі́на.

Рысь, Ры́сяк, Ры́чард.

Стась, Стасю́к, Станісла́ў.

Фра́нак, Фра́нусь, Франц.

Фра́нка, Франці́шка.

Фрэд, Фрэ́дзюк, Альфрэ́д.

Фрэ́дзя, Альфрэ́да.

Фэ́ляк, Фе́лікс.

Э́дзюк, Адва́рдак, Э́двард.

Ю́зя, Юзэ́фа.

Я́нак, Я́нусь, Яну́шак, Іва́н.

Я́рак, Я́русь, Яро́сь, Ярасла́ў.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Дыялектныя словы ў маўленні выкарыстоўваюцца побач з агульнаўжывальнымі словамі. Наяўнасць іх - сведчанне багацця мовы. Яны выразныя, трапныя, вобразныя. Мясцовыя словы часта не толькі называюць пэўны прадмет, зяву, але і даюць ацэнку, выражаюць адносіны да прадмета гаворкі. Беразі́нка. Баро́к. Так называюць у маёй вёсцы лес. Сказаць, што гэта мікратапонімы (назвы дробных геаграфічных абектаў), - сказаць мала. Таму што ў іх адчуваецца і мілагучнасць слова, і любоў да роднай зямлі, і душа людзей, маіх землякоў.

Запісаныя і пададзеныя ў гэтай рабоце словы - толькі маленькая часцінка вялікага моўнага скарбу. Многія з гэтых слоў вядомы мне. І хаця я ведаю іх літаратурныя адпаведнікі, выкарыстоўваю іх у сваім маўленні. Я капаю капачкаю бульбу, збіраю ў лесе падласовікі, лупенікі, рву ў агародзе шчыпяры. Радуюся, калі вясною прылятае бусел, кружыць над кудрай. Многія словы запісаць мне дапамагалі мама, тата. Думаю, што запісвала недарэмна. Ужо толькі таму, што сама адчула важнасць таго, што нельга забываць гэтыя словы. Іх неабходна ведаць, берагчы. А таксама адчуваць тое, што мова змяняецца, і бачыць сваімі вачыма, якія змены адбываюцца. І заўсёды памятаць словы, сказаныя беларускім паэтам Нілам Гілевічам:

Страціў слова, страціў спадчыннае слова -

Штосьці страціў у душы абавязкова!

Можа - годнасці хоць кропельку малую?

Можа - мудрасці хоць дробачку якую?

Можа - памяці хоць зернетка - іскрынку?

Можа - праўды хоць пылінку - парушынку?

Я не ведаю дакладна, што ты страціў.

Запытайся - ці не скажа табе маці…

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Беларуская мова: Энцыкл./ Беларус. Энцыкл. - Рэдкал.:Б.І.Сачанка (гал.рэд)[і інш.]. - Мінск: БелЭн, 1994. - 655с.

. Даніловіч, М.А. Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны: дапам./М.А. Даніловіч. - Гродна: ГрДУ, 2008. - 227с.

. Красней, В.П. Беларуская мова: поўны школьны курс: Тэорыя: дапаможнік для вучняў старшых класаў агульнаадукацыйных устаноў/В.П. Красней, Я.М. Лаўрэль. - 2-е выд. - Мінск: Аверсэв, 2008. - 268с.

. Сцяшковіч, Т.Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці/Т.Ф. Сцяшковіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1983. - 671с.

. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы/ Пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко. - 2-е выд. - Мінск: БелЭн, 1999. - 784с.

Похожие работы на - Словы з вясковай вуліцы

 

Не нашли материал для своей работы?
Поможем написать уникальную работу
Без плагиата!