Параўнальныя канструкцыі ў беларускай фразеалогіі

  • Вид работы:
    Курсовая работа (т)
  • Предмет:
    Английский
  • Язык:
    Белоруский
    ,
    Формат файла:
    MS Word
    20,13 Кб
  • Опубликовано:
    2013-02-07
Вы можете узнать стоимость помощи в написании студенческой работы.
Помощь в написании работы, которую точно примут!

Параўнальныя канструкцыі ў беларускай фразеалогіі

Уводзіны

Параўнанне - адзін з галоўных прыёмаў спазнання рэчаіснасці. Любы прадмет ці з'ява навакольнага свету адрозніваюцца ад іншых прадметаў і з'яў ці маюць падабенства з імі. Без параўнання нельга спазнаць ні самых простых, ні самых складаных з'яў прыроды і грамадства. Ім карыстаюцца тады, калі якую-небудзь якасць прадмета ці з'явы можна ахарактарызаваць праз супастаўленне з іншым прадметам ці з'явай ці з самім сабой.

У мастацкай літаратуры параўнанне зяўляецца выразным сродкам, з дапамогай якога ствараюцца мастацкія выявы. Гэтым тлумачыцца частае ўжыванне параўнанняў у мове. Параўнанне ў мове - гэта такая канструкцыя, пры дапамозе якой перадаецца якое-небудзь значэнне (якасць дзеяння, якасць прыкметы) праз супастаўленне прадметаў, з'яў рэчаіснасці і інш. Шматлікія параўнальныя канструкцыі збліжаюцца па сэнсе - з'яўляюцца сінанімічнымі. Разнастайнасць спосабаў рэалізацыі параўнання абумоўлівае наяўнасць рознатыповых параўнальных канструкцый, складанасць іх граматычнай прыроды.

Апісанне ўсіх разнавіднасцяў параўнальных канструкцый дапаможа размежаваць канструкцыі ў функцыі членаў сказа, усталяваць характар сувязі параўнальнага звароту з паяснёнымі словамі, вызначыць заканамернасці адасаблення параўнальных канструкцый, граматычнага выражэння кампанентаў параўнальнага звароту і г.д. Усебаковае даследаванне параўнальных канструкцый дае магчымасць глыбей спазнаць семантыку і сінтаксічныя функцыі сказа, спрыяе лепшаму разуменню структурна-семантычных асаблівасцей мовы.

Аб'ектам даследавання з'яўляюцца параўнальныя канструкцыі, якія паказваюць тоеснасць прадметаў, што параўноўваюцца і ўтвараюцца ў межах сказа. У такіх параўнальных зваротах вылучаюцца дзве субстанцыі - тое, што параўноўваецца, і тое, з чым параўноўваецца.

Прадмет даследавання - параўнальныя канструкцыі беларускай фразеалогіі на аснове «Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы» І. Я. Лепешава.

Мэта курсавой работы - даследаванне параўнальных канструкцый як сродку мастацкай выразнасці ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Для рэалізацыі пастаўленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:

ахарактарызаваць параўнальныя канструкцыі;

апісаць структуру, высвятліць сэнсавыя і сінтаксічныя функцыі параўнальных зваротаў, якія выступаюць у ролі членаў сказа;

усталяваць заканамернасці граматычнага выражэння галоўнага кампанента параўнальнага звароту - аб'екта параўнання;

сістэматызаваць злучнікі, паказаць адрозненне мадальных злучнікаў ад немадальных, размежаваць мадальныя злучнікі і мадальныя часціцы;

вызначыць і ахарактарызаваць лексіка-семантычныя групы параўнальных канструкцый беларускай фразеалогіі.

Падчас аналізу параўнальных канструкцый былі выкарыстаны апісальны метад даследавання разам з прыёмам назірання, навуковай інтэпрытацыяй і абагульненнем.

1. Тэарэтычныя асновы выкарыстання параўнальных канструкцый у сучаснай беларускай літаратурнай мове

1.1 Паняцце пра параўнальную канструкцыю

Параўнальныя канструкцыі займаюць у мове адмысловае месца, паколькі, па выразе А. А Патабні, «сам працэс пазнання ёсць працэс параўнання».

Параўнанне - уласцівасць моваразумовай дзейнасці, якая ўплывае на працэс пазнання ў любой мове. Гэты ўплыў знаходзіць моўнае ўвасабленне ў спецыфічных формах рэалізацыі параўнання. Выразным прыкладам гэтай рэалізацыі зяўляюцца параўнальныя канструкцыі.

Параўнальныя канструкцыі - гэта сінтаксічныя структуры (звароты, сказы, прэдыкатывы) з абавязковым кампанентам, які змяшчае ў сабе параўнанне [3, c. 414 - 415].

Такія канструкцыі складаюць значную частку любой мовы, у тым ліку і ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, яны шырока выкарыстоўваюцца як у мастацкіх творах, так і ў вуснай гаворцы і застаюцца аб'ектам увагі шматлікіх даследчыкаў. Падрабязнаму вывучэнню параўнання як лінгвістычнай з'явы прысвечаны фундаментальныя і прыватныя даследаванні: намінатыўны, сінтаксічны, марфалагічны і словаўтваральны аспекты параўнання вывучаліся шматлікімі даследчыкамі, сярод іх такія, як Л.Л. Нялюбы, В.В. Вінаградаў, А.А. Патабня, Ф.Ф. Фартунатаў, А.А. Шахматов і інш.

Праблемы, звязаныя з даследаваннем параўнальных канструкцый у розных аспектах, не губляюць сваёй актуальнасці як у сілу шырокага выкарыстання параўнання ў мове, так і недастатковай вывучанасці шэрагу пытанняў, якія тычацца семантыкі, статусу параўнальных канструкцый і супастаўляльнага аналізу параўнання на матэрыяле рознаструктурных элементаў.

Параўнальныя канструкцыі - адны з самых выразных сродкаў мовы, якія ўсталёўваюць сувязі і адносіны паміж прадметамі і з'явамі рэчаіснасці. Гэтыя сувязі дазваляюць уявіць параўноўваныя прадметы і з'явы і глыбей зразумець і спазнаць іх [4, с. 381 - 398].

Паказчыкам параўнальных адносін у такіх канструкцыях выступаюць злучнікі як, быццам, нібы, усе роўна як і інш. Параўнанне, на якім асноўваецца кожная параўнальная канструкцыя, - адзін са сродкаў пазнання і ўспрымання рэчаіснасці. Пільнае людское вока прыкмячае падобныя ўласцівасці прадметаў і зяў, бачыць агульныя і прыватныя праявы жывой і нежывой прыроды. Чалавек усведамляе такія адценні свайго фізічнага і псіхічнага стану, заўважае адметнасць стану іншых асоб і жывых істот. Усё гэта адлюстроўваецца ў параўнальных канструкцыях, якіх нямала ў фальклорных і літаратурных творах.

Мэта параўнальных канструкцый - выявіць у аб'екце параўнання новыя, важныя для суб'екта выказвання ўласцівасці [2, c. 12].

Звычайна у структуры праўнальных канструкцый вылучаюць:

прадмет, які параўноўваецца (аб'ект параўнання);

прадмет, з якім адбываецца супастаўленне (сродак параўнання);

іх агульная прыкмета (падстава параўнання, параўнальная прыкмета, лат. tertium comparationis).

Адной з адметных рыс параўнальных канструкцый з'яўляецца наяўнасць абодвух прадметаў, якія параўноўваюцца, пры гэтым агульная прыкмета згадваецца далёка не заўсёды.

Вядомы розныя тыпы параўнанняў [12]:

)параўнанні ў форме параўнальнага звароту, утворанага пры дапамозе злучнікаў як, быццам, нібы: «Мужык дурны, як свіння, а хітры, як чорт»;

)бяззлучнікавыя параўнанні - у форме складанага іменнага выказніка: «Мая хата - мая крэпасць»;

)параўнанні, утвораныя пры дапамозе назоўніка ў творным склоне: «Каля чарнаты плота белым паскам ззяў малады ўчарашні снег, што не расстаў за дзень»;

)адмоўныя параўнанні: «Нёман - цуд зямны, вада ў ім чыстая, як сляза, дно пясчанае, на беразе не пясок, а золата».

Параўнальныя канструкцыі падзяляюцца на:

·вобразныя параўнальныя канструкцыі;

·параўнальна-супастаўляльныя (параўнальна-раўналежныя).

Яны адрозніваюцца сэнсавым значэннем і граматычнай формай галоўных кампанентаў [10, c. 32 - 34].

Параўнальна-супастаўляльныя звароты не з'яўляюцца метафарычнымі, яны служаць толькі для вызначэння адпаведнасці, тоеснасці паміж прадметамі ці з'явамі пры розных акалічнасцях. Параўнальна-супастаўляльныя звароты ў адрозненне ад вобразных не могуць мець мадальнага значэння.

Параўнальнымі канструкцыямі ўмела карыстаюцца мастакі слова. Для іх - параўнанне выразны від тропа, адзін са спосабаў характарыстыкі прадметаў і зяў рэчаіснасці праз супастаўленне іх з іншымі, нечым падобнымі прадметамі і зявамі жыцця. Параўнальныя канструкцыі робяць мастацкія творы жывапіснымі, нагляднымі, па-мастацку дакладнымі, выяўляюць эмацыянальныя адносіны аўтара да таго, пра што піша.

Параўнальныя канструкцыі, дзякуючы сваёй шматграннасці і функцыянальнасці, зяўляюцца прадметам не толькі мовы, але і таксама прадметам паэтыкі і стылістыкі.

1.2 Устойлівыя параўнальныя канструкцыі і іх кампаратыўная семантыка

параўнальны зварот сказ мадальны

Разглядаючы параўнальныя канструкцыі з пункту гледжання беларускай фразеалогіі, цікавасць да вывучэння ўстойлівых канструкцый узрастае ў сувязі з навуковым асэнсаваннем пытанняў моўнай зменлівасці, бо яны ўяўляюць сабой прыклад адкрытай, дынамічнай сістэмы моўных адзінак, сталае развіццё якой варта разглядаць як рэчаіснасць яе быцця.

Устойлівыя параўнанні, якія адносяцца большасцю даследчыкаў да фразеалогіі, займаюць адмысловае месца ў фразеалагічнай сістэме беларускай мовы, паколькі складаюць, мабыць, адзін з самых шматлікіх разрадаў фразеалагічных адзінак з аднатыпнымі структурна-семантычнымі ўласцівасцямі: іх кампаратыўная семантыка знаходзіць відавочную фармальную выяўленасць - аб'ект параўнання ўводзіцца з дапамогай параўнальнага злучніка як (ці яго сінонімаў быццам, як быццам, нібы, сапраўды): бегчы як жару ўхапіўшы [7, c. 504], як горкая рэдзька [7, с. 282], дрыжаць як асінавы ліст [7, с. 574], як сабакі рвуць [7, c. 301], ісці як чарапаха [7, c. 553], як сыр у масле купацца [7, c. 549], мерці як мухі [7, с. 50], прыстаць як смала [7, c. 363], свабодна як дома [7, с. 343], як вокам кінуць [7, c. 507], стары як свет [7, c. 322], пакаціцца як сноп [7, c. 366], ясна як двойчы два чатыры [7, c. 328] і інш.

Калі гаварыць увогуле пра параўнальныя канструкцыі сучаснай беларускай мовы, то трэба адзначыць, што самымі распаўсюджанымі сярод іх з'яўляюцца канструкцыі, якія ўтвараюцца пры дапамозе розных марфолага-сінтаксічных сродкаў - злучнікаў або месна-склонавых формаў.

Што датычыцца ўстойлівых параўнальных канструкцый, то яны ўтвараюцца з дапамогай марфолага-сінтаксічных сродкаў і адрозніваюцца характарам сувязі суб'екта і аб'екта параўнання: звязваюцца параўнальнымі злучнікамі. Характар сувязі ўплывае на семантыку канструкцый, іх экспрэсіўнасць і сінтаксічныя функцыі.

Злучнікавыя параўнальныя канструкцыі - гэта сінтаксічныя канструкцыі ў структуры простага ці складанага сказа, уведзеныя з дапамогай параўнальных злучнікаў. Тыпалагічна гэтыя канструкцыі вельмі разнастайныя, таму вызначэнне граматычнай прыроды і сінтаксічных функцый іх - адно са складаных пытанняў сінтаксісу.

Нас цікавіць у даследаванні ўстойлівых параўнальных зваротаў вобразныя параўнальныя звароты, якія адначасова вызначаюць і якасць дзеяння ці прыкметы якога-небудзь прадмета ці з'явы, і характарызуюць метафарычна сам прадмет ці з'яву: дурны як бот з левай нагі [7, c. 115], быць як яечка [7, c. 593].

Канструкцыі з устойлівымі параўнальнымі зваротамі аднатыпныя структурна. Яны складаюцца з трох кампанентаў:

суб'екта параўнання (тое, што параўноўваецца);

аб'екта параўнання (то, з чым параўноўваюць);

асновы параўнання.

У канструкцыі з вобразным параўнальным зваротам аснова параўнання (лексічна выяўленая прыкмета ці дзеянне) можа быць апушчана: Ноч (суб'ект параўнання) праляцела (аснова параўнання) як адна мінута (аб'ект параўнання) [7, c. 40]; А гародзік (суб'ект параўнання) - як лялька (аб'ект параўнання) [7, c. 589].

Устойлівая параўнальная канструкцыя ў структуры сказа адносна галоўнага можа знаходзіцца ў постпазіцыі, прэпазіцыі ці ў інтэрпазіцыі.

2. Функцыянальная роля параўнальных канструкцый у беларускай фразеалогіі

2.1 Апісанне вобразнага параўнальнага зварота

Асноўная сэнсавая функцыя вобразнага параўнальнага звароту - характарыстыка якасці дзеяння ці якасці прыметы прадмета. Аналагічныя прыметы і дзеянні розных прадметаў (у самым шырокім сэнсе гэтага слова) якасна адрозніваюцца паміж сабою. Дзеянне, абазначанае дзеясловам ляцець, могуць утвараць розныя прадметы - птушка, самалёт, ракета. Якасць гэтага дзеяння для кожнага прадмета аднолькавая. Адну прымету салодкі могуць мець яблык, малако, цукар, але якасць прыметы для кожнага з гэтых прадметаў таксама неаднолькавая. Якасна адрозніваюцца прыметы і дзеянні не толькі розных прадметаў, але і аднаго прадмета [9, c. 46 - 48].

Сэнсавая функцыя параўнальнай канструкцыі - характарыстыка прадмета ў агульным плане. Асноўнае адрозненне яе - адсутнасць лексічна выяўленай асновы параўнання: Хлявы (суб'ект параўнання) - як шклянка (аб'ект параўнання) [7, c. 579].

Таксама выдзяляюць канструкцыі з параўнальным зваротам, якія характарызуюць прадмет, на які накіравана дзеянне. Гэта канструкцыя структурна падобная з іншымі параўнальнымі канструкцыямі - мае суб'ект, аб'ект і лексічна выяўленую аснову параўнання; адрозніваецца яна ад іншых канструкцый тым, што параўнальны зварот тут мае сувязь толькі з адным галоўным членам - выказнікам: біць словамі як абухом [7, c. 44]. Параўнальны зварот як абухом характарызуе прадмет дзеяння словамі адносна накіраванага на яго дзеяння біў.

Ад сэнсавых функцый вобразных параўнальных зваротаў варта адрозніць спосаб рэалізацыі параўнання. У лінгвістычнай літаратуры сустракаюцца сцвярджэнні, што параўноўвацца могуць прадмет з прадметам, прадмет з прыкметай, прыкмета з прыкметай. Аднак многія даследаванні матэрыялу беларускай мастацкай літаратуры паказваюць, што параўноўвацца могуць толькі прадметы з прадметамі.

Каб вызначыць, што з чым параўноўваецца ў канструкцыі з вобразным параўнальным зваротам, трэба разгледзець спосаб рэалізацыі параўнання - паказаць адрозненне суб'екта параўнання і аб'екта параўнання. На гэтай падставе вылучаюцца:

A.Канструкцыі, у якіх суб'ект і аб'ект параўнання - розныя прадметы. Аб'ект параўнання і галоўны кампанент параўнальнага звароту не супадаюць у гэтай канструкцыі ў адным паняцці. Шырокае распаўсюджванне іх у сучаснай беларускай мове не выпадкова, бо ў прыродзе заўсёды можна знайсці прадмет, які адной сваёй назвай трапна характарызуе іншы прадмет.

Галоўны кампанент параўнальнага звароту ў гэтай канструкцыі выяўляецца назоўнікам у назоўным (для характарыстыкі якасці дзеяння, прыкметы ці прадмета ў агульным плане) ці ўскосных (для характарыстыкі аб'екта дзеяння) склонах адзіночнага і множнага ліку: як дзірка ў мосце [7, c. 335]; як іерыхонская труба [7, c. 453].

B.Канструкцыі, у якіх суб'ект і аб'ект параўнання супадаюць у адной субстанцыі; у параўнальным звароце называецца не аб'ект параўнання, а якая-небудзь яго асаблівасць. Адносна меншая распаўсюджанасць названай канструкцыі, чым канструкцыі, у якой суб'ект і аб'ект параўнання розныя прадметы, тлумачыцца тым, што для характарыстыкі прадмета лягчэй знайсці іншы прадмет, чым якую-небудзь асаблівасць параўноўванага прадмета.

Галоўны кампанент параўнальнага звароту ў названай канструкцыі выражаецца прыметнікам, дзеепрыметнікам, месна-склонавай формай назоўніка: як у ваду апушчаны [7, c. 79]; быццам чортам падшыты [7, c. 128]; як падсмалены [7, с. 125]; як недарэзаны [7, с. 86]; як падкошаны [7, с. 120].

Вобразны параўнальны зварот можа характарызаваць асноўнае і дадатковае дзеянне, якое адпаведна выражаецца дзеясловам і дзеепрыслоўем, а таксама канкрэтызаваць адценне дзеяння, выражаны прыслоўем: дзейнічаць як заведзеная машына [7, c. 25]; маўчаць, як вады ў рот набраўшы [7, c. 61]; сядзець як апошняе ў печ усыпаўшы [7, c. 502]; як аршын праглынуў [7, c. 205]. Прыкладаў ужывання параўнальнага звароту для характарыстыкі дадатковага дзеяння адносна мала. Тлумачыцца гэта вялікай складанасцю канструкцыі, бо само дзеепрыслоўе выконвае дапаможную функцыю - характарызуе асноўнае дзеянне.

Такія устойлівыя або непадзельныя выразы у сказе выконваюць ролю акалічнасці або дапаўнення пры ўдакладняльным выказніку.

Пры няпоўназначных дзеясловах (часцей за ўсё яны выражаюць існаванне, паводзіны, пачуцці) параўнальны зварот выконвае ролю другога кампанента ў складаным выказніку. Інтанацыйна зварот не вылучаецца і не мае падставы для адасаблення.

Вобразны параўнальны зварот можа стаяць пасля галоўных членаў сказа, перад імі ці паміж імі. Галоўная функцыя яго ў сказе - роля акалічнасці, якая характарызуе якасць дзеяння.

Адасабленне параўнальных зваротаў, якія характарызуюць якасць дзеяння, у значнай ступені залежыць ад суб'ектыўнага фактару - жаданне самаго гаворачага, пісьменніка. Зафіксаваны прыклады, калі аналагічны зварот у аднаго і таго ж пісьменніка ў адным выпадку адасабляецца, у іншым - не: Цяпер ён калаціўся як асінавы ліст, і мусіў сашчапіць зубы, каб не ляскалі. Не крычы ты на яго, Семка: ен і так абчапі калоціцца, як асіна [10, c. 32 - 34].

Вобразны параўнальны зварот, характарызуючы якасць прыкметы, мае сувязь з носьбітам прыкметы і лексічна выяўленай прыкметай - якасным прыметнікам ці дзеепрыметнікам. Параўнальныя звароты пры кароткай форме прыметнікаў і дзеепрыметнікаў - у беларускай сучаснай літаратурнай мове з'ява вельмі рэдкае. Ужыванне іх у мове стылістычна абмежавана паэтычнай гаворкай.

Адсутнасць канструкцый з параўнальным зваротам пры адносных прыметніках тлумачыцца семантыкаю саміх адносных прыметнікаў. У адрозненні ад якасных адносныя прыметнікі пазначаюць нязменлівую прыкмету, цесна замацаваную за прадметам. Такая прыкмета выводзіцца з вызначаных адносін да іншага прадмета, акалічнасці, дзеяння. Характэрна, што адносныя прыметнікі, якія перайшлі ў якасныя, таксама не маюць пры сабе вобразных параўнальных зваротаў.

Сінтаксічныя функцыі параўнальнага звароту залежаць ад сінтаксічных функцый паясняемага слова: … па беразе бегалі голыя, як бізуны, дзеці.; А ноч цёмная, як сажа. Паясняемые словы выконваюць функцыі азначэння (голыя) і выказніка (цёмная).

Галоўная асаблівасць канструкцыі з параўнальным зваротам, якія характарызуюць прадмет у агульным плане, - адсутнасць лексічна выяўленай асновы параўнання. Канструкцыя складаецца з двух кампанентаў - суб'екта параўнання і аб'екта параўнання. Параўнальны зварот звязаны толькі з дзейнікам: Ледам гасцінец мой выбіты, выліты, лёд - як магіла сама [8, c. 36 - 39].

Параўнальныя канструкцыі ў залежнасці ад часцін мовы, якія зяўляюцца асноўнымі кампанетамі ў структуры канструкцыі, можна падзяліць на:

дзеяслоўныя:

Як абухом па галове стукнуць [7, с. 404], як агнём апякло [7, с. 79], як аршын праглынуў [7, с. 88], як бачыш [7, с. 90], як босаму разуцца [7, с. 261], як вады ў рот набраў [7, с. 61], як варам абдало [7, с. 39], як ветрам здзьмула [7, с. 435], як відаць [7, с. 172], як вокам згледзець [7, с. 434], як вокам кінуць [7, с. 507], як з ланцуга сарваўся [7, с. 312], як з месяца зваліўся [7, с. 425], як знойдзеш [7, с. 448], як з-пад зямлі вырас [7, с. 227], як кажуць [7, с. 474], як маланкай спаліла [7, с. 370], як на агні гарыць [7, с. 264], жыць як набяжыць [7, с. 61], як нажом адрэзаў [7, с. 69], як належыць [7, с. 73], як нанава на свет нарадзіўся [7, с. 76], як на плот вешаць [7, с. 170], як на свінні праехаць [7, с. 207], як на сто коней сеў [7, с. 333], як ні кажы [7, с. 474], як ні ў чым не бывала [7, с. 137], як падмянілі [7, с. 121], як піць даць [7, с. 327], як рукой зняло [7, с. 449], як рэпу грызці [7, с. 291], як скрозь зямлю праваліўся [7, с. 202], як старой бабе сесці [7, с. 333], як сыр ў масле купацца [7, с. 549], як сякерай адсек [7, с. 69], як у ваду глядзеў [7, с. 270], як у ваду кануў [7, с. 486], як у званы званіць [7, с. 426], як у сук уляпіў [7, с. 490], як язык праглынуў [7, с. 205].

адектыўныя:

Знаць як аблупленага [7, с. 42], як апараны кіпнем [7, с. 77], голы як бізун [7, с. 281], як закляты [7, с. 398], як міленькі [7, с. 39], як мокрае гарыць [7, с. 44], як наняты [7, с. 75], як недарэзаны [7, с. 86], як падкошаны [7, с. 120], як падсмалены [7, с. 125], як пыльным мяшком удараны [7, с. 477], як у ваду апушчаны [7, с. 79], як уджалены [7, с. 478], як укопаны [7, с. 487], як чортам падшыты [7, с. 128], як дуж [7, с. 347].

назоўнікавыя:

Язык як брытва [7, с. 597], як агню [7, с. 48], як адзін чалавек [7, с. 552], расплакацца як бабёр [7, с. 84], дрыжаць як асіна [7, с.], як бог свят [7, с. 108], як бубен [7, с. 133], як бот з левай нагі [7, с. 155], як вавёрка ў коле [7, с. 144], як вока ў ілбе [7, с. 181], як вол да карэты [7, с. 183], як гарох аб сцену [7, с. 262], як год [7, с. 279], як горкая рэдзька [7, с. 296], як грыбы пасля дажджу [7, с. 290], як дзірка ў мосце [7, с. 335], як дома [7, с. 343], як дроў [7, с. 345], як жаба гразі [7, с. 374], як Заблоцкі на мыле [7, с. 383], як за каменнай сцяной [7, с. 412], як заслона спала з вачэй [7, с. 412], як звон [7, с. 431], як іголка ў стозе сена [7, с. 462], як кабыле воцату [7, с. 472], як кату [7, с. 498], як леташні снег [7, с. 365], як не сваімі нагамі [7, с. 64], як на талерцы [7, с. 438], як на споведзі [7, с. 374], як на карове сядло [7, с. 427], як іржа жалеза [7, с. 466], пісаць як курыца лапай грабе [7, с. 551], як лапцем па цымбалах [7, с. 561], як з вядра [7, с. 238], як кот на сала [7, с. 524], як лёду [7, с. 564], як ліпку [7, с. 574], як макаў цвет [7, с. 539], сапці як мех кавальскі [7, с. 34], як на заказ [7, с. 395], як на крыллях [7, с. 543], як на пажар [7, с. 132], зажываць як на сабаку [7, с. 301].

Фармальны сродак сувязі вобразных параўнальных зваротаў з паясняемымі словамі - параўнальныя злучнікі. Па сэнсавых функцыях параўнальныя злучнікі падзяляюцца на дзве групы [9, c, 42 - 48]:

а)немадальныя злучнікі;

б)мадальныя злучнікі.

Немадальныя злучнікі: як, што, усе роўна як, усе роўна што. Пры дапамозе гэтых злучнікаў параўноўваюцца прадметы ў сцвярджальным плане. Ужываюцца часцей у мове злучнікі другой групы.

Мадальныя злучнікі: нібы, бы, як бы, быццам, нібыта, як быццам, быццам бы. Пры дапамозе мадальных злучнікаў усталёўваецца тоеснасць прадметаў у сцвярджальным плане, умоўна.

Мадальныя параўнальныя злучнікі нельга змешваць з аманімічнымі мадальнымі параўнальнымі часціцамі. У адрозненні ад мадальных параўнальных злучнікаў мадальныя параўнальныя часціцы (нібы, бы, быццам, як бы, быццам, нібыта, як быццам, быцам бы) не іграюць у сказе канструктыўнай ролі: яны злучаюцца з адным словам ці словазлучэннем, выражаючы дадатковыя семантычныя і мадальныя адценні: Ен ўжо мінуў разгатую дзічку, як недзе, далёкая яшчэ, па той бок хутара, пачуў як бы тупат капытоў.; А старыя клён не паддаваўся. Стаяў, падымаючы абсмаленыя галіны, і нібыта клікаў адпомсціць.

Такім чынам, у канструкцыях з параўнальным зваротам прадмет параўноўваецца з другім прадметам або з самім сабою. Характарыстыка прадмета ў агульным плане або якасці прыметы ці дзеяння прадмета - сэнсавыя функцыі вобразнах параўнальных канструкцый.

2.2 Аналіз параўнальных канструкцый беларускай фразеалогіі

Можна сярод параўнальных канструкцый вылучыць дзве групы: якія характарызуюць асобу ці нежывы прадмет.

Прыводзім прыклады тых параўнанняў, якія выконваюць ролю ўдакладнення пры характарыстыцы асобы, яе знешняга выгляду, характару, пачуццяў асобы, унутранага стану:

Калаціцца як асіна «вельмі баяцца» (c. 81)

Калаціцца як асінавы ліст «баяцца и калаціцца ад страху» (с. 81)

Расплакацца як бабёр «доўга і жаласліва плакаць» (с. 84)

Голы як бізун «вельмі бедны» (с. 281)

Дурны як бот (з левай нагі) «вельмі, надзвычай дурны» (с. 115)

Язык як брытва «здольнасць востра і дасціпна гаварыць» (с. 597)

Гол як сакол «вельмі бедны» (с. 279)

Сівы як голуб «зусім сівы» (с. 281)

Белы як лунь «зусім сівы» (с. 584)

Надакучыць як горкая рэдзька «вельмі моцна надакучыць» (с. 296)

Як лялька «вельмі прыгогжы, прывабны» (с. 589)

Як соннная муха «вяла, павольна, без жадання рабіць што-небудзь» (с. 49)

Бледны як палатно «вельмі пабялець, збялець» (с. 144)

Глухі як пень «вельмі глухі» (с. 173)

Худы як смерць «вельмі худы і бледны» (с. 364)

Быццам чорт гарох малаціў «васпаваты, рабы» (с. 262)

Як ў полі вецер «легкадумны, пусты, ветраны» (с. 168)

Быць як скула «вялікая перашкода» (с. 348)

Быць як бяльмо на воку «вялікая перашкода, што раздражняе сваёй прысутнасцю» (с. 143)

Адзін як палец «зусім адзін, без сямі» (с. 145)

Набрацца як жаба гразі «вельмі моцна напіцца» (с. 374)

Як дзядзька у Вільні «збянтэжана, ніякавата адчуваць сябе» (с. 336)

Як яечка «вельмі добры, цудоўны» (с. 605)

Сярод параўнальных канструкцый ёсць і такія, якія выкарыстоўваюцца для характарыстыкі прадметаў нежывой прыроды:

Як звон «новы, нядаўна пабудаваны і добры» (с. 431)

Як шклянка «новы, нядаўна пабудаваны і добры» (с. 579)

Як свет стаіць «вельмі старое што-небудзь» (с. 323)

Поўны як вока «вельмі поўны, роўна з берагамі» (с. 181)

Некаторыя параўнальныя канструкцыі ўводзяцца ў структуру сказа для адлюстравання фізічнага, псіхічнага ці эмацыйнага стану субекта:

Быць як на іголках «у стане крайняга хвалявання, трывогі» (с. 462)

Быць як у сне «у стане глыбокой задуменнасці» (с. 365)

Сядзець як у ваду апушчаны «расстроены, прыгнечаны» (с. 79)

Сядзець як на шыле «у стане крайняга хвалявання, трывогі» (с. 586)

Сядзець як мыла зеўшы «з незадаволеным, кіслым выглядам, у дрэнным настроі» (с. 438)

Як не свой «моцна ўсхваляваны, у стане разгубленасці, роспачы» (с. 326)

Быць як на памінках «маўкліва і сумна» (с. 148)

Як вуж на гарачай патэльні «бесперастанку і не знаходзячы выйсця з цяжкіх абставін» (с. 505)

Як у тумане «не зусім выразна, цьмяна» (с. 464)

Як праз сон «не зусім выразна, цьмяна» (с. 367)

Параўнальныя канструкцыі з адценнем узмацнення:

Як свет «вельмі стары» (с. 385)

Як у бочку «вельмі моцна кашляць» (с. 117)

Як дроў «вельмі многа» (с. 345)

Як бобу «вельмі многа. Звычайна пра дзяцей» (с. 100)

Як не ў сябе есці «уволю і ненасытна» (с. 424)

Як з мяшка сыпацца «у вялікай колькасці, невычарпальна і бесперастанку» (с. 57)

Як агню баяцца «вельмі моцна, панічна» (с. 48)

Як з рога дастатку «у вялікай колькасці, невычарпальна і бесперастанку» (с. 322)

Як з рэшата ліць «вельмі моцным струменем, суцэльным патокам» (с. 299)

Як з лубу ліцца «вельмі моцным струменем, суцэльным патокам» (с. 584)

Як старой бабе сесці «вельмі мала. Звычайна пра зямлю» (с. 84)

Як кот наплакаў «вельмі мала, нязначная колькасць» (с. 524)

Як сабак нярэзаных «вельмі многа» (с. 299)

Як селядцоў у бочцы «у вялікай колькасці» (с. 331)

Сярод кампаратыўных фразеалагізмаў можна выдзяліць групу якасных параўнальных канструкцый:

Як на споведзі «вельмі шчыра, нічога не ўтойваючы» (с. 374)

Як на далоні «вельмі выразна, ясна» (с. 318)

Быць як перад Богам «вельмі шчыра, нічога не ўтойваючы» (с. 109)

Сказаць як на духу «вельмі шчыра, нічога не ўтойваючы» (с. 354)

Некаторыя параўнальныя канструкцыі выражаюць спосаб дзеяння, удакладняючы асноўнае дзеянне:

Адсек як сякерай «катэгарычна, як пра канчатковае вырашанае сказаць» (с. 69)

Сказаў як нажом адрэзаў «катэгарычна, як пра канчатковае вырашанае сказаць» (с. 69)

Як нож у сэрца «што-небудзь непрыемнае, нясцерпнае, такое, што выклікае душэўны боль» (с. 94)

Як нажом па сэрцы «што-небудзь непрыемнае, нясцерпнае, такое, што выклікае душэўны боль» (с. 94)

Як слова сказаць «вельмі хутка» (с. 358)

Як вокам згледзець «адразу ж, вельмі хутка, імгненна зрабіць што-небудзь» (с. 434)

Адны параўнальныя канстукцыі выкарыстаўваюцца для выражэння адносін асобы да каго-небудзь, чаго-небудзь:

Як на бяду «быццам кімсьці падстроена. Выказвання шкадавання.» (с. 142)

Як на злосць «быццам кімсьці падстроена. Выказвання шкадавання.» (с. 443)

Як на грэх «быццам кімсьці падстроена. Выказвання шкадавання.» (с. 292)

Як на ліха «быццам кімсьці падстроена. Выказвання шкадавання.» (с. 578)

Як на тое «быццам кімсьці падстроена. Выказвання шкадавання.» (с. 445)

Другія выкарыстоўваюцца для выражэння адносін паміж людзьмі:

Як гусь з парасём «не разумеючы адзін аднаго» (с. 299)

Як неба і зямля «поўная процілегласць» (с. 459)

Як кот з сабакам «нядружна, у пастаяннай варожасці» (с. 523)

Некаторыя параўнальныя канструкцыі беларускай фразеалогіі можна класіфікаваць на невялічкія групы ў залежнасці ад сінанімічнасці значэння:

«Нечакана ўразіць. Ашаламіць. Збянтэжыць. Раптоўна нешта напалохала»:

Як варам абдало (с. 39)

Як агнём апякло (с. 48)

Як абухом па галаве стукнуць (с. 44)

«Вельмі рэзка, імкліва (выскачыць, ускочыць і інш.)»:

Як апараны кіпнем (с. 77)

Як уджалены (с. 478)

Як на спружынах (с. 376)

«Ляцець, кідацца. Вельмі хутка, стрымгалоў»:

Як з прывязі сарваўся (с. 312)

Як жару ўхапіўшы (с. 504)

Як з ланцуга сарваўся (с. 312)

Як з перуна (с. 182)

Як мага (с. 5)

Як дуж (с. 347)

Як на крыллях (с. 543)

Як на пажар (с. 132)

Як падсмалены (с. 125)

«Засмучаны, растроены, прыгнечаны. З незадаволеным кіслым выглядам»:

Як (нібы) у ваду апушчаны (с. 79)

Сядзець як астатняе ў печ усыпаўшы (с. 81)

Сядзець як мыла зеўшы (с. 438)

Сядзець як на памінках (с. 148)

Быць як пад зямлёй (с. 459)

Ісці як не свой (с. 326)

«Катэгарычна, як канчатковае вырашанае (сказаў, сказала)»:

Адсек як сякерай (с. 69)

Сказаў як нажом адрэзаў (с. 69)

«Нешта трывожнае, трагічнае»:

Чакаць як вол абуха (с. 44)

Неба з аўчынку здаецца (с. 82)

Жыць як на вулкане (с. 196)

«Голасна расказываць, настойліва перадаваць ад аднаго да другога (якія-небудзь весткі, чуткі)»:

Як у бубен біць (с. 97)

Як у званы званіць (с. 426)

«Нічога не разумеючы, тупа, разгублена»:

Глядзець як баран на новые вароты (с. 87)

Глядзець як гусь на бліскавіцу (с. 299)

«Зусім нічога не разумець, не разбірацца»:

Разбірацца як баран у Бібліі (с. 92)

Разбірацца як свіння ў апільсінах (с. 325)

Пячы як бліны (с. 97)

Лускаць як арэшкі (с. 585)

«Нягледзечы ні на што, насуперак усяму»:

Як бы там ні было (с. 140)

Як ні круці (с. 538)

Як-ніяк (с. 603)

«Так, як планавалася, без ускладненняў і нечаканасцей»:

Як па нотах (с. 99)

Як па пісаным (с. 187)

Як рэпу грызці (с. 291)

«Хто-небудзь бясследна, імгненна знік, схаваўся»:

Як вадой змыла (с. 146)

Як у ваду кануў (с. 146)

Як у ваду ўпаў (с. 146)

Як ветрам здзьмула (с. 166)

Як карова языком злізала (с. 442)

Як ветрам змяло (с. 444)

Як скрозь зямлю праваліўся (с. 458)

Як у ваду пайшоў (с. 146)

Як агнём спаліла (с. 48)

Як і не было (с. 140)

Як май змаяваў (с. 10)

Як маланкай спаліла (с. 14)

«Cтан крайняга хвалявання, неспакою, трывогі»:

Сядзець як на гарачым вуголлі (с. 194)

Сядзець як вуж на гарачай патэльні (с. 195)

Сядзець як уюн на гарачай патэльні (с. 195)

Сядзець як на іголках (с. 462)

Сядзець як на шыле (с. 586)

«Вельмі раптоўна. Імгненна»:

Упасці як падкошаны (с. 120)

Упасці як сноп (с. 366)

«Зусім нечакана для каго-небудзь (зяўляцца, прыходзіць, прыязджаць)»:

Як снег на галаву (с. 365)

Як гром сярод яснага неба (с. 287)

Як з неба зваліўся (с. 425)

Як з-пад зямлі вырас (с. 458)

Як з месяца зваліўся (с. 425)

«Зусім падобныя і аднолькавыя па якіх-небудзь якасцях»:

Як на падбор (с. 116)

Як адзін (с. 58)

«Бяссэнсава, недарэчна. Цацкацца, няньчыцца»:

Насіцца як дурань з пісанай торбай (с. 350)

Насіцца як з велікоднымі яйкамі (с. 164)

Берагчы як зрэнку вока (с. 453)

Насіцца як курыца з яйкам (с. 551)

«Вельмі добра ведаць, да дробязей»:

Ведаць як аблупленага (с. 42)

Ведаць як сваіх пяць пальцаў (с. 147)

«Вельмі выразна, ясна (відаць, выглядаць, бачыць)»:

Быць як на далоні (с. 318)

Быць як на талерцы (с. 438)

«Вельмі шчыра, нічога не ўтойваючы (гаварыць, прызнавацца, расказваць, выкладваць)»:

Быць як перад Богам (с. 109)

Сказаць як на духу (с. 354)

Быць як на споведзі (с. 374)

«Ніколі, зусім не (дапаможа, патрэбны каму-небудзь)»:

Дапаможа як хваробе кашаль (с. 501)

Дапаможа як мёртваму прыпаркі (с. 222)

Дапаможа як мёртваму кадзіла (с. 472)

«Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-небудзь)»:

Патрэбны як зайцу стоп-сігнал (с. 395)

Трэба як пятае кола у возе (с. 517)

Трэба як сабаку пятая нага (с. 64)

Патрэбны як дзірка ў мосце (с. 335)

Патрэбны як леташні снег (с. 365)

Патрэбны як рыбе парасон (с. 159)

«Абавязкова, бясспрэчна»:

Як піць даць (с. 327)

Як Бог свят (с. 108)

«Быццам нічога не здарылася; не зважаючы на тое, што адбылося»:

Як ні ў чым не бывала (с. 137)

Як нічога і не было (с. 141)

Як і не лыс (с. 586)

«Належным чынам; так, як і трэба (рабіць, зрабіць што-небудзь)»:

Як належыць (с. 73)

Як мае быць (с. 6)

Як след (с. 353)

«Нічога не дзейнічае на каго-небудзь»:

Як гарох аб сцяну (с. 262)

Як пугай па вадзе (с. 146)

«Упарта, зацята маўчыць»:

Як вады ў рот набраў (с. 147)

Як вады ў рот набраўшы (с. 147)

Маўчаць як сцяна (с. 412)

Маўчаць, маўклівы як магіла (с. 5)

Маўчаць як рыба (с. 294)

Як язык праглынуў (с. 207)

«Вялікая перашкода, што раздражняе сваёй наяўнасцю»:

Быць як скула (с. 348)

Быць як бяльмо на воку (с. 182)

«Вельмі марудна, зусім не спяшаючыся (рабіць што-небудзь)»:

Як на заўтра трэба (с. 462)

Як мокрае гарыць (с. 44)

«Вельмі моцна напіцца»:

Пяны як гразь (с. 285)

Пяны як свіння (с. 325)

Пяны як зямля (с. 459)

Набрацца як жаба гразі (с. 285)

«Не разумеючы адзін аднаго, па-рознаму адносячыся да прадмета размовы»:

Як гусь з парасём (с. 299)

Як неба і зямля (с. 459)

Як кот з сабакам (с. 523)

«У вялікай колькасці, невычарпальна і бесперастанку (сыпацца, выдаваць і інш.)»:

Як з рога дастатку (с. 322)

Як з мяшка (с. 57)

Як з рукава (с. 282)

Як з рэшата (с. 299)

Як з лубу (с. 584)

«Вельмі гучна, вельмі моцна»:

Крычаць як іерыхонская труба (с. 453)

Крычаць як недарэзаны (с. 86)

Крычаць як рэзаны (с. 297)

«Вельмі моцна спаць»:

Спаць як забіты (с. 382)

Спаць як пшаніцы прадаўшы (с. 206)

Спаць як пяньку прадаўшы (с. 206)

Спаць як проса прадаўшы (с. 206)

Спаць як муку прадаўшы (с. 206)

Спаць як лыку прадаўшы (с. 206)

«Аднастайна і бессперапынна, з механічнай дакладнасцю»:

Працаваць як заведзеная машына (с. 385)

Працаваць як заведзены (с. 385)

«Новы, нядаўна пабудаваны і добры»:

Як звон (с. 431)

Як шлянка (с. 579)

«Быццам кімсьці падстроена. Выказванне шкадавання ў сувязі з чым-небудзь»:

Як на бяду (с. 142)

Як на злосць (с. 443)

Як на грэх (с. 292)

Як на ліха (с. 579)

Як но тое (с. 445)

Як но тое ліха (с. 445)

«Нязграбна, дрэнна, не аблягаючы цела»:

Сядзець як на карове сядло (с. 325)

Вісець як на калку (с. 480)

«Зусім нечакана, знянацку»:

Зявіцца як Піліп з Канапель (с. 484)

Зявіцца як чорт табакеркі (с. 431)

«Што-небудзь непрыемнае, нясцерпнае, такое, што выклікае нясцерпны боль»:

Як нажом па сэрцы (с. 94)

«Хто-небудзь стаў зусім іншы»:

Як (нібы) хто падмяніў (с. 536)

Як падмянілі каго (с. 121)

«Вельмі лёгка, без цяжкасцей»:

Як босаму разуцца (с. 261)

Як плюнуць (с. 193)

«Вельмі моцна, панічна»:

Баяцца як агню (с. 48)

Баяцца як чорт ладану (с. 566)

Баяцца як чорт крыжа (с. 565)

«Неадчэпна, дакучліва»:

Прыстаць як пяны да плота (с. 243)

Прыстаць як сляпы да плота (с. 362)

Прыстаць як смала (с. 363)

«Вельмі стары»:

Стары як свет (с. 322)

Як свет стаіць (с. 323)

«Вельмі мала»:

Як старой бабе сесці (с. 333)

Як кату (с. 524)

Як кот наплакаў (с. 524)

«Вельмі многа. Незлічоная колькасць»:

Як сабак нярэзаных (с. 106)

Як бобу (с. 100)

Як гразі (с. 284)

Як дроў (с. 345)

Як завязаць (с. 386)

Як селядцоў у бочцы (с. 117)

«Як здарыцца, як прыйдзецца, бессістэмна»:

Як Бог дасць (с. 107)

Як Бог на душу пакладзе (с. 107)

«Зусім адзін, без сямі»:

Адзін як палец (с. 145)

Як ёсць адзін (с. 58)

«Уволю і ненасытна, пражэрліва»:

Есці як у прорву (с. 214)

Наесціся як на дзяды (с. 336)

Есці як не ў сябе (с. 424)

«Вельмі хутка што-небудзь зрабіць»:

Як слова сказаць (с. 358)

Як бач (с. 88)

Як бачыш (с. 90)

Як вокам згледзець (с. 434)

Як га (с. 242)

Як стой (с. 397)

«Спакойна, у поўнай бяспецы (знаходзіцца, быць і інш.)»:

Як у Бога за дзвярыма (с. 109)

Як у Бога за плячыма (с. 109)

Як у Бога за пазухай (с. 109)

Як дома (с. 343)

Як за каменная сцяной (с. 412)

Як сыр у масле качацца (с. 549)

Як за мураванай сцяной (с. 412)

Як у хрыста за пазухай (с. 109)

«Адчуць палёгку, пазбавіўшыся ад якіх-небудзь клопатаў, перажыванняў»:

Быццам гара з плеч (с. 258)

Быццам камень з плячэй зваліўся (с. 482)

Быццам камень з сэрца зваліўся (с. 482)

Як Бог на душу пакладзе (с. 362)

Як маслам па душы (с. 21)

Як камень з душы зваліўся (с. 482)

Як рукой зняло (с. 292)

«Вельмі моцна. З краўнім напружаннем сіл»:

Працаваць як (што) ваверка у коле (с. 144)

Працавць як вол (с. 183)

Працаваць як гадзіннік (с. 245)

Працаваць, рабіць як закляты (с. 398)

«Не зусім выразна, цьмяна (помніць, баяыць, успамінацца)»:

Як праз сон (с. 367)

Гэтыя параўнальныя канструкцыі, трапныя выразы характарызуюць нашу мову як яркую, выразную, эмацыйную. Яна славіцца выразнымі канструкцыямі, пры дапамозе якіх ствараюцца ўмовы для найбольш дакладнага разумення думкі.

Заключэнне

Назіранні над параўнальнымі канструкцыямі беларускай фразеалогіі паказваюць, што параўнальныя канструкцыі ў беларускай мове - вельмі яркая з'ява.

Устойлівыя параўнальныя канструкцыі займаюць настолькі значнае і настолькі своеасаблівае месца ў сістэме беларускай фразеалогіі, што заканамерна прыцягваюць да сябе ўвага даследчыкаў, якія адкрываюць ва устойлівых параўнальных канструкцыях не толькі ўласна лінгвістычныя, але і псіхалінгвістычныя, этнакультурныя, кагнітыўна-функцыянальныя глыбіні.

Устойлівае параўнанне разглядаецца ў рабоце як адмысловая моўная з'ява, адмысловая моўная адзінка, надзеленая параўнальным значэннем і адметнай формай яго выражэння.

Вызначаючы разнавіднасці параўнальных канструкцый, варта ўлічваць структурна-граматычныя і семантычныя іх асаблівасці, спосаб рэалізацыі параўнання. На гэтай падставе ў даследаванні вылучаюцца апісальныя параўнальныя канструкцыі і канструкцыі, утвораныя з дапамогай розных марфолага-сінтаксічных сродкаў. Сярод апошніх бываюць бяззлучнікавыя і злучнікавыя сказы.

Злучнікавыя параўнальныя канструкцыі выступаюць у ролі членаў сказа (вобразныя параўнальныя звароты) - акалічнасці, азначэння, выказніка. Сінтаксічная функцыя вобразнага параўнальнага звароту залежыць ад сэнсавага яго значэння, месцы ў сказе, ад лексічнага значэння і сінтаксічнай ролі паясняемага слова.

Галоўны кампанент вобразнага параўнальнага звароту (аб'ект параўнання) характарызуецца ўстойлівасцю формы граматычнага выраза, якая залежыць ад спосабу рэалізацыі параўнання і яго сэнсавага значэння. Параўнальныя звароты злучаюцца з паяснёнымі словамі пры дапамозе злучнікаў - немадальных, калі прадметы параўноўваюцца ў сцвярджальным плане, і мадальных, калі паказваецца тоеснасць прадметаў, якія параўноўваюцца.

Спецыфічнай рысай устойлівай параўнальнай канструкцыі, якая дазваляе абмежаваць іх ад параўнанняў індывідуальна-аўтарскіх, з'яўляецца традыцыйнасць (стэрэатыпнасць, эталоннасць) вобразнай асновы параўнання, што выяўляецца ў замацаванасці лексічнага складу і ў несвабодным характары спалучальнасці кампанентаў параўнальнай канструкцыі. Устойлівасць, узнаўляльнасць, стабільнасць формы з'яўляюцца прыкметамі, якія дазваляюць уключыць такія канструкцыі у фразеалогію. Вобразны сэнс устойлівых параўнальных канструкцый будуецца на аснове іх прадметна-лагічнага склада, так што ўстойлівыя параўнальныя канструкцыі - адзінкі, у высокай ступені матываваныя.

У працы выкарыстаны функцыянальна-семантычны падыход да класіфікацыі ўстойлівых параўнальных канструкцый, пры дапамозе якога сярод параўнанняў можна вылучыць дзве групы: якія характарызуюць асобу ці нежывы прадмет, а таксама размежаваць параўнальныя канструкцыі на аснове сінанімічнасці значэння.

Бібліяграфічны спіс

1.Базыленка, А.М. Параўнальныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове: (На матэрыялах творчасці Я. Коласа) / А.М. Базыленка. - Вып. 3. - Мінск: Працы інстытута мовазнаўства АН БССР: 1957. - С. 112-144.

2.Бандарэнка, Т.П. Параўнальныя канструкцыі / Беларуская граматыка. - Ч. 2. - Мінск, 1986. - С. 370.

.Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; пад рэд. А.Я. Міхневіча; рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.]. - Мінск: БелЭн, 1994. - С. 11 - 13, С. 414 - 415.

4.Граматыка беларускай мовы: у 2 т. / Сінтаксіс. - Мінск, 1966. - С. 381 - 398.

.Ефимов, А.И. Стилистика художественной речи / А.И. Ефимов. - Москва, 1961. - 519 с.

6.Лазарук, М., Ленсу, А. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў / М. Лазарук, А. Ленсу. - Мінск: Беларуская асвета, 1983. - 191 с.

7.Лепешаў, І. Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993.

.Рабкевіч, В. І. Вобразныя параўнальныя звароты ў ролі членаў сказа / В. І. Рабкевіч. - Мінск: Народная асвета, 1969. - С. 36 - 39.

9.Рабкевіч, В. І. Параўнальныя звароты /Філалогія: Зб.навук. прац. Мінск. Пед. Ін-та імя А.М. Горкага. Т. 5. - Вып. 1. С. 42 - 48.

.Рабкевіч, В. І. Спроба класіфікацыі вобразных параўнальных зваротаў / Тез. докл. на науч.-теорет. конф. Секция филол. наук. Мінск, 1967. - С. 32 - 34.

.Рабкевіч, В. І. Творны параўнання / Беларуская лінгвістыка. Зб. арт. - Мінск, 1973. Вып. 4. С. 46-49.

Похожие работы на - Параўнальныя канструкцыі ў беларускай фразеалогіі

 

Не нашли материал для своей работы?
Поможем написать уникальную работу
Без плагиата!