Тыпы літаратуры паводле мастацка-эстэтычных вартасцей твораў і іх функцыянальнай ролі ў чытацкай аўдыторыі
Тыпы літаратуры паводле мастацка-эстэтычных
вартасцей твораў і іх функцыянальнай ролі ў чытацкай аўдыторыі
ЗМЕСТ
1. Тыпы літаратуры паводле
мастацка-эстэтычных вартасцей твораў і іх функцыянальнай ролі ў чытацкай
аўдыторыі 3
1.1 «Высокая
літаратура». Літаратурная класіка. 3
1.2 Масавая
літаратура. 5
1.3 Белетрыстыка. 7
1.4 Ваганні і
змены ў складзе каштоўнасна-функцыянальных слаёў літаратуры. Фактары
літаратурнага поспеху. 8
1.5 Элітарная
і антыэлітарная канцэпцыі літаратуры і мастацтва. 10
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ.. 12
1. Тыпы літаратуры паводле
мастацка-эстэтычных вартасцей твораў і іх функцыянальнай ролі ў чытацкай
аўдыторыі
літаратура
класіка белетрыстыка
Сваё мастацкае
прызначэнне літаратурныя творы выконваюць па-рознаму, у большай ці меншай меры
і ступені, а то і зусім ад яго ўхіляюцца. У гэтай сувязі аказваюцца надзённымі
такія паняцці, як, з аднаго боку, высокая літаратура (строгая, сапраўды
мастацкая), з другога — масавая («трывіяльная») літаратура («паралітаратура»,
«літаратурны ніз»), а таксама белетрыстыка. Дакладнасць і строгасць
размежавання названых феноменаў у сучасным літаратуразнаўстве адсутнічае,
паняцці літаратурнага «верху» і «нізу» параджаюць несупынныя рознатлумачэнні і
спрэчкі.
1.1 «Высокая
літаратура». Літаратурная класіка
Пад «высокай
(альбо строгай) літаратурай» падразумяваецца тая частка мастацкага пісьменства,
якая характарызуецца ўважлівымі адносінамі да яе з боку, як правіла, адукаваных
і выхаваных чытачоў і, галоўнае, застаецца вернай свайму культурна-мастацкаму
прызванню. «Нейкі «пік» гэтай літаратуры («высокай») складае класіка — тая
частка мастацкай славеснасці, якая цікавая і аўтарытэтная для шэрагу пакаленняў
і складае «залаты фонд літаратуры».
Слова «класічны»
(ад лац. classicus — узорны) выкарыстоўваецца мастацтвазнаўцамі і
літаратуразнаўцамі ў некалькіх значэннях: класікі як пісьменнікі антычнасці
супрацьпастаўляюцца аўтарам Новага часу, а прадстаўнікі класіцызму (іх таксама
імянуюць класікамі) — рамантыкам; у абодвух дадзеных выпадках за словам
«класічны» стаіць уяўленне аб парадку, меры, гармоніі. У гэтым жа сэнсавым
русле ляжыць і тэрмін «класічны стыль», які звязваецца з уяўленнем аб
гарманічнай цэльнасці і разумеецца як свайго роду арыенцір для кожнай
нацыянальнай літаратуры.
Класічнымі
лічацца творы, якія вылучаюцца з агульнай літаратурнай масы сваёй значнасцю,
маштабнасцю, узорнасцю. Яны ўяўляюць сабой «сукупнасць твораў першага раду.
Гэта, так сказаць, верх верху літаратуры. Яна, як правіла, угадваецца толькі
звонку, з боку, з іншай, наступнай эпохі. Класічная літаратура (і ў гэтым яе
сутнасць) актыўна ўключана ў міжэпахальныя (трансгістарычныя) дыялагічныя
адносіны».
Нельга паспешна
ўзводзіць пісьменніка-сучасніка ў высокі ранг класіка. Дадзеную неабходнасць
выявіць час. Аўтар, прызнаны сучаснікамі, — гэта толькі «кандыдат» у класікі.
Куміры свайго часу — яшчэ не класікі. Гісторыя і замежнай, і нашай суседняй,
рускай літаратуры, і, вядома, беларускай, ведае шмат прыкладаў, калі аўтары
сваімі сучаснікамі (у асноўным крытыкамі, а таксама «чыноўнікамі ад
літаратуры») уздымаліся на неадпаведную і не «ўзятую» па-сапраўднаму імі
вышыню, а затым бляклі, драбнелі, а з цягам часу і зусім знікалі з
літаратурнага гарызонту. Пытанне, хто адпавядае стану і рэпутацыі класіка,
вырашаюць, як правіла, не сучаснікі пісьменнікаў, а іх нашчадкі, прадстаўнікі
наступных пакаленняў.
Насуперак шырока
распаўсюджанаму меркаванню мастацкая класіка не з’яўляецца нечым застыўшым і
акасцянеўшым. Жыццё праслаўленых твораў напоўнена бясконцай дынамікай (пры ўсім
тым, што высокія рэпутацыі пісьменнікаў захоўваюць сваю стабільнасць). «Кожная
эпоха, — пісаў М. Бахцін, — па-свойму пераакцэнтоўвае творы бліжэйшага
мінулага. Гістарычнае жыццё класічных твораў ёсць, па сутнасці, несупынны
працэс іх сацыяльна-ідэалагічнай пераакцэнтуацыі». Бытаванне класічных
літаратурных твораў у вялікім гістарычным часе суаднесена, як правіла, з іх
узбагачэннем: сэнсава-змястоўная напоўненасць дадзеных твораў расце,
даўсведамляецца, раскрываючыся ўсё новымі і новымі гранямі. Пры гэтым
праслаўленыя творы мінулага ў кожны асобны гістарычны момант успрымаюцца
па-рознаму, выклікаючы нярэдка сур’ёзныя рознагалоссі і спрэчкі.
«Быццё літаратуры
ў вялікім гістарычным часе адзначана не толькі ўзбагачэннем твораў у свядомасці
чытачоў, але і сур’ёзнымі «сэнсастратамі». Для бытавання класікі
неблагапрыемныя, з аднаго боку, авангардысцкае нядбайства культурнай спадчынай
і адвольная, скажаючая мадэрнізацыя праслаўленых тварэнняў — іх прамалінейнае асучасненне
<...>; з другога боку —
змярцвляючая кананізацыя, аказёньванне, дагматычная схематызацыя аўтарытэтных
твораў як увасабленняў канчатковых і абсалютных ісцін (тое, што называюць
культурным класіцызмам)». Нормай адносін да класікі з’яўляецца неімператыўнае,
свабоднае прызнанне яе аўтарытэта, якое, у сваю чаргу, не выключае нязгоды,
крытычных адносін, спрэчак.
На думку В.
Халізева, «далёка не бясспрэчнай з’яўляецца нярэдка ўжывальная то ў дачыненні
да Шэкспіра, то да Пушкіна, то да Талстога формула «наш сучаснік», якае аддае
залішняй фамільярнасцю. Прызванне класікі ў тым, каб, знаходзячыся па-за
сучаснасцю чытачоў, дапамагаць ім зразумець саміх сябе ў шырокай перспектыве
культурнага жыцця — як людзей, што жывуць у вялікім гістарычным часе».
Разам з тым паміж
сапраўднай класічнай літаратурай і літаратурай, якая санкцыянуецца нейкімі
аўтарытэтамі (дзяржавай, мастацкай элітай) існуе сур’ёзная розніца. Афіцыйныя
ўлады (асабліва пры таталітарных рэжымах) нярэдка абсалютызуюць значнасць
пэўнай часткі літаратуры (як мінулай, так і сучаснай) і навязваюць свой пункт
гледжання чытачам, часам даволі агрэсіўна. Так, дадзены момант несумненна маў
месца ў СССР у 1930–1950-я гг.
«Аднак рэпутацыя
пісьменніка-класіка (калі ён сапраўды класік) не столькі ствараецца чыімісьці
рашэннямі (і адпаведнай літаратурнай палітыкай), колькі ўзнікае стыхійна,
фарміруецца інтарэсамі і меркаваннямі чытацкай публікі на працягу доўгага часу,
яе свабодным мастацкім самавызначэннем. «Хто складае спісы класікаў?» — гэтае
пытанне, якое часам ставяць і абмяркоўваюць мастацтвазнаўцы і літаратуразнаўцы,
на наш погляд, не зусім карэктнае. Калі падобныя спісы і складаюцца
якімі-небудзь аўтарытэтнымі асобамі і групамі, дык яны толькі фіксуюць агульную
думку, якая ўжо склалася аб пісьменніках».
У складзе
літаратурнай класікі размяжоўваюць аўтараў, якія набылі сусветную сталую
значнасць (Гамер, Дантэ, Шэкспір, Гётэ, Дастаеўскі і інш.), і нацыянальных
класікаў — пісьменнікаў, што маюць найбольшую папулярнасць у літаратурах
асобных народаў (у Расіі, напрыклад, гэта плеяда пісьменнікаў, пачынаючы з
Крылова і Грыбаедава, у цэнтры якой — Пушкін; беларуская нацыянальная класіка
пачынаецца, на нашую думку, з Ф. Багушэвіча, а цэнтральнымі фігурамі ў ёй,
безумоўна, з’яўляюцца Купала з Коласам). Такім чынам, нацыянальная класіка
ўваходзіць у сусветную толькі часткова.
1.2 Масавая
літаратура
Словазлучэнне
«масавая літаратура» мае розныя значэнні. У шырокім сэнсе гэта ўсё тое ў
літаратуры, што не атрымала высокай ацэнкі мастацкі адукаванай публікі: альбо
вызвала яе негатыўныя адносіны, альбо засталася ёю незаўважаным.
Аднак больш
распаўсюджаным і ўплывовым з’яўляецца ўяўленне аб масавай літаратуры як аб
літаратурным «нізе». Яно ўзыходзіць да класіцысцкі арыентаваных тэорый: да
нарматыўных паэтык, якія рэзка супрацьпастаўлялі жанры высокія, сур’ёзныя,
кананічныя і нізкія, смехавыя, некананічныя. «Масавая літаратура — гэта
сукупнасць папулярных твораў, разлічаных на чытача, што не далучаны (альбо мала
далучаны) да мастацкай культуры, які не валодае развітым густам, не жадае альбо
няздольны самастойна думаць і па вартасці ацэньваць творы, які шукае ў
друкаваным слове галоўным чынам забаву».
Масавая
літаратура — словазлучэнне, якое менавіта ў такім выглядзе ўкаранілася ў
айчыннай культуры, — у гэтым яго разуменні абазначаецца ў іншых культурах
па-рознаму. Так, у англамоўнай літаратурна-крытычнай традыцыі масавая
літаратура абазначаецца тэрмінам «папулярная (popular) літаратура». У нямецкай
— аналагічную ролю адыгрывае словазлучэнне «трывіяльная літаратура». Французскія
спецыялісты вызначаюць гэтую з’яву як паралітаратуру. Грэчаская прыстаўка
para-, з дапамогай якой утвораны дадзены тэрмін, мае два значэнні. Яна можа
абазначаць з’яву, падобную да іншай (напрыклад, у медыцыне паратыф —
захворванне, якое напамінае тыф па сваіх знешніх прыкметах), альбо прадмет, які
знаходзіцца побач з другім прадметам ці непадалёку. Паралітаратура — гэта
падабенства літаратуры, якое паразітуе на ёй, дзецішча рынку, прадукт індустрыі
духоўнага спажывання.
Паралітаратура
абслугоўвае чытача, чые паняцці аб жыццёвых каштоўнасцях, аб добрым і дрэнным
вычэрпваюцца прымітыўнымі стэрэатыпамі, імкнуцца да агульнапрызнаных
стандартаў. У адпаведнасці з гэтым героі твораў паралітаратуры пазбаўлены, як
правіла, індывідуальных рыс, псіхалогіі, нейкіх асаблівых прыкмет. А часам
персанажы гэтых твораў наогул ператвораны ў фікцыю асобы, у нейкі «знак». Як
піша В. Халізеў, «крайні схематызм паралітаратурных персанажаў адрознівае іх ад
герояў высокай літаратуры і добрай белетрыстыкі».
Адсутнасць характараў
у творах паралітаратуры кампенсуецца дынамічным дзеяннем, вялікай колькасцю
неверагодных, амаль што казачных здарэнняў. Тым не менш аўтары стараюцца
ўпэўніць чытача ў дакладнасці і верагоднасці таго, што адлюстроўваецца.
Як ужо
адзначалася, паралітаратура, асабліва сучасная, з’яўляецца дзецішчам рынку і
індустрыі духоўнага спажывання. Гэты момант накладвае велізарны адбітак на
аўтарскі пачатак, які ў большасці творах практычна выпусташаны.
Масавая
літаратура з яе клішыраванасцю і «безаўтарствам» вызывае да сябе негатыўныя
адносіны ў большасці прадстаўнікоў мастацкі адукаваных слаёў грамадства, у тым
ліку і саміх літаратараў. Разам з тым прадпрымаюцца спробы разглядаць яе як
з’яву культуры, што валодае не толькі станоўчымі рысамі, але і стаіць вышэй т.
зв. «строгай» альбо «высокай» літаратуры. У якасці прыкладу В. Халізеў,
пераважна ад інфармацыі якога, як было ўжо сказана вышэй, мы адштурхоўваемся
пры разглядзе дадзенага кола пытанняў, прыводзіць працу амерыканскага вучонага
Дж. Кавэлці «Прыгоды, загадкі і рамантыка: апавяданні аб мастацтве і культуры
мас» (Cawelti J.G. Adventure, mystery and romance: Formula stories as art and
popular culture.— Chikago, 1976), першы раздзел якой, дарэчы, перакладзены на
рускую мову. У ёй аспрэчваецца звыклае ўяўленне аб тым, што масавая літаратура
складае ніжэйшую і сапсаваную форму чагосьці лепшага, і сцвярджаецца, што яна
мае не толькі поўнае права на існаванне, але і валодае перавагамі перад
прызнанымі шэдэўрамі. Масавая літаратура тут характарызуецца як «формульная»;
пры гэтым яна імкнецца да стэрэатыпаў, якія, аднак, увасабляюць глыбокі сэнс:
масавая літаратура выражае «эскапісцкія перажыванні» чалавека, выконваючы
запатрабаванні большасці амерыканцаў і заходнееўрапейцаў ва ўцёках ад жыцця з
яго аднастайнасцю, сумам, паўсядзённым раздражненнем і замене ўсяго гэтага
нейкім упарадкаванным быццём, што прысутнічае ў творах мастацтва.
Узвышаючы масавую
літаратуру, Кавэлці падкрэслівае, што яе аснову, грунт складаюць устойлівыя,
«базавыя мадэлі» свядомасці, якія характарызуюць усіх людзей. За структурамі
«формульных твораў» — «першапачатковыя інтэнцыі», зразумелыя і прыцягальныя для
пераважнай большасці насельніцтва. Адзначыўшы гэта, амерыканскі вучоны
сцвярджае думку наконт абмежаванасці і вузкасці высокай літаратуры, «нязначнай
колькасці шэдэўраў», якія прызначаны толькі для элітнай чытацкай аўдыторыі.
Як піша В.
Халізеў, «Кавэлці <...> радыкальна пераглядае здаўна ўкаранёнае ацэначнае
супрацьпастаўленне літаратурнага «верху» і «нізу». Яго смелая навацыя ўяўляецца
далёка не бясспрэчнай, хоць бы па аднаму таму, што «формульнасць» з’яўляецца
ўласцівасцю не толькі сучаснай масавай літаратуры, але і важнейшай рысай усяго
мастацтва мінулых стагоддзяў. Разам з тым праца аб «формульнай літаратуры»
будзіць думку. Яна прымушае крытычна аднесціся да традыцыйнай антытэзы
(літаратура «вяршынная» і літаратура «масавая»), стымулюе высвятленне
каштоўнаснай неаднароднасці ўсяго таго ў літаратуры, што не з’яўляецца
шэдаўрамі класікі. У гэтай сувязі, на наш погляд, перспектыўным з’яўляецца
размежаванне масавай літаратуры ў вузкім сэнсе (як літаратурнага нізу) і
белетрыстыкі як сярэдзіннай галіны».
1.3
Белетрыстыка
Слова
«белетрыстыка» (ад фр. belles lettres — прыгожая, вытанчаная, зграбная
славеснасць) выкарыстоўваецца ў розных значэннях: у шырокім сэнсе — мастацкая
літаратура (зараз ужыванне дадзенага слова ў такім значэнні ўстарэла); у больш
вузкім — апавядальная проза. Белетрыстыка разглядаецца таксама як частка
масавай літаратуры, а то і зусім атаясамліваецца з ёю.
Нас жа, згодна з
выказаным крыху вышэй меркаваннем В. Халізева, цікавіць іншае значэнне слова:
белетрыстыка — гэта літаратура «другога» раду, няўзорная, некласічная, аднак
тая частка мастацкай славеснасці, якая мае бясспрэчныя вартасці і прынцыпова
адрозніваецца ад літаратурнага «нізу» («чытаніны»), г. зн. сярэдзінная прастора
літаратуры.
«Белетрыстыка
неаднародная. У яе сферы ў першую чаргу з’яўляецца важным кола твораў, якія не
валодаюць мастацкай маштабнасцю і ярка выражанай арыгінальнасцю, але
абмяркоўваюць праблемы сваёй краіны і эпохі, што адпавядаюць духоўным і інтэлектуальным
запатрабаванням сучаснікаў, а іншы раз і нашчадкаў».
Белетрыстыка,
якая адгукваецца (альбо імкнецца адгуквацца) на літаратурныя і грамадскія
павевы свайго часу, не з’яўляецца адзінай плынню. У адных выпадках яна ўбірае ў
сябе нешта арыгінальнае і новае (больш у сферы ідэйна-тэматычнай, чым уласна
мастацкай), у другіх — аказваецца падражальнай і эпігонскай.
Эпігонства (ад
ст.-гр. epigonoi — тое, што нарадзілася пазней) — гэта нятворчае перайманне
традыцыйных узораў, назойлівае паўтарэнне і вар’іраванне добра вядомых
літаратурных тэм, сюжэтаў, матываў. Эпігонства не мае нічога агульнага з
пераемнасцю і апорай пісьменніка на традыцыйныя мастацкія формы. Наогул жа для
мастацкай творчасці аптымальнай з’яўляецца ўстаноўка на пераемнасць без
падражальнасці.
Сур’ёзная
белетрыстыка стараецца адыйсці ад эпігонства. Лепшыя з пісьменнікаў-белетрыстаў
выконваюць у складзе літаратурнага працэсу даволі важную і адказную ролю, таму
што з’яўляюцца своеасаблівымі рэзанатарамі для буйных майстроў слова, а часам і
падказчыкамі тэм, матываў, вобразаў.
Побач з
белетрыстычнымі творамі, якія абмяркоўваюць злабадзённыя праблемы свайго часу,
існуе такое адгалінаванне белетрыстыкі, творы якога напісаны з свядомай
устаноўкай на займальнае і, як правіла, лёгкае чытанне. Дадзенае адгалінаванне
белетрыстыкі, што «імкнецца да «фомульнасці» і авантурнасці, адрозніваецца ад
безаблічнай масавай прадукцыі. У ёй нязменна прысутнічае аўтарская
індывідуальнасць».
Такая
разнавіднасць белетрыстыкі таксама мае права на існаванне. Нельга прымяншаць яе
значнасць, асабліва для юнацтва. Разам з тым непажадана поўнасцю
сканцэнтроўвацца на дадзенай разнавіднасці літаратуры ва ўрон знаёмсту з
сапраўднымі шэдэўрамі прыгожага пісьменства.
Белетрыстыка як
«сярэдзінная» сфера літаратурнай творчасці (і ў яе сур’ёзна-праблемным, і ў
забаўляльным адгалінаваннях) даволі цесна судакранаецца як з «верхам», так і з
«нізам» літаратуры. У найбольшай ступені гэта адносіцца да такіх літаратурных
відаў і жанраў, як гістарычны, навукова-фантастычны, прыгодніцкі і авантурны
раманы, а таксама раман-дэтэктыў.
1.4 Ваганні і змены ў складзе
каштоўнасна-функцыянальных слаёў літаратуры. Фактары літаратурнага поспеху
У асноўным
рэпутацыі пісьменнікаў і іх твораў пазначаны пэўнай стабільнасцю (вядома, калі
ў гэты працэс акрамя ўласна чытацкай публікі не ўмешваюцца нейкія іншыя,
знешнія, калі так можна сказаць, сілы, як, напрыклад, дзяржава з яе моцным
ідэалагічным апаратам, што мела месца ў СССР практычна на працягу ўсёй гісторыі
існавання гэтай краіны).
Разам з тым у
гісторыі функцыянавання прыгожага пісьменства сустракаліся выпадкі, калі
малавядомыя для пэўнага часу аўтары ў нейкі іншы момант набывалі папулярнасць і
нават станавіліся класікамі. Найбольш яскравы прыклад такіх вось метамарфоз –
гэта творчасць Шэкспіра, якая аж да сярэдзіны ХVІІІ ст. не прыцягвала да сябе
асаблівай увагі, а затым паступова стала набываць вядомасць у Еўропе і свеце.
Такі ж прыкладана лёс, але ў дачыненні толькі да рускай і, нават можна сказаць,
да ўсёй усходнеславянскай культуры, напаткаў таксама творчасць Ф. Цютчава,
выдатныя лірычныя творы якога пры жыцці паэта былі малавядомымі, а ў ХХ ст.
набылі вялікую папулярнасць.
Маюць месца
таксама і выпадкі адваротнага характару. Дзеля пацвярджэння сказанага можна
нагадаць лёс творчасці аднаго з вядомых рускіх паэтаў ХІХ ст. С. Надсана, які
пры жыцці карыстаўся надзвычайным поспехам, а потым неяк раптоўна знік з
літаратурнага небасхілу і практычна забыўся.
«Перапады»
цікавасці чытацкай публікі да пісьменнікаў і іх твораў не з’яўляюцца, — лічыць
В. Халізеў, — выпадковай справай. Існуюць фактары літаратурнага поспеху. Яны
досыць разнародныя».
Па-першае,
адбываюцца змены (у залежнасці ад атмасферы грамадскага жыцця эпохі) у чытацкіх
чаканнях, у выніку якіх увагу на сябе звяртаюць творы то адной, то зусім іншай
змястоўнай і ўласна мастацкай арыентацыі. Так, напрыклад, калі яшчэ ў ХІХ ст.
чытацкую ўвагу найбольш прыцягвалі творы, так бы мовіць, спакойныя і
жыццесцвярджальныя ў сваёй аснове, то ў сярэдзіне і другой палове ХХ ст.
істотна павысіліся рэпутацыі тых пісьменнікаў, творы якіх адлюстроўваюць быццё
як дысгарманічнае, прасякнутае скепсісам, а то і поўным трагізмам. Адпаведнасць
настрою думак аўтараў (калі б яны ні жылі) духу часу ўспрымання літаратуры —
гэта, бадай, ці не галоўны фактар, які прыцягвае чытача да твораў, робіць іх
вядомымі і папулярнымі.
Па-другое, «у
кожную літаратурную эпоху мае месца рэзкае разыходжанне густаў і поглядаў
старэйшага і малодшага пакаленняў, пры якім другое адштурхоўваецца ад першага:
літаратурныя «куміры» старэйшых развенчваюцца малодшымі, адбываецца перагляд
рэпутацый пісьменнікаў і іх твораў; учарашнім «лідэрам» супрацьпастаўляюцца
сённяшнія, новыя, сапраўды сучасныя». Усё гэта разглядаецца як гарантыя ад
застою ў літаратурным жыцці, як абавязковая ўмова яго далейшага руху.
Пры гэтым поспеху
ў сучаснікаў у немалой ступені садзейнічае тое, як моцна і эфектна заявіў аб
сабе таленавіты аўтар, як ён данёс да чытача ўласную арыгінальнасць і навізну.
Немалое значэнне маюць і моманты заахвочвання пісьменнікаў афіцыйнымі ўладамі,
уплывовымі грамадскімі коламі, сродкамі масавай інфармацыі. Пэўную ролю
адыгрывае таксама імпульс самасцвярджэння тых аўтараў, якія хоць і не валодаюць
моцным талентам, аднак настойліва дабіваюцца вядомасці, публікацый, прызнання
крытыкаў.
Разам з тым
«нельга не прызнаць, што галоўным і адзіна надзейным (няхай не заўсёды хутка
дзейсным) фактарам поспеху ў чытацкай публікі <...> з’яўляецца спаўна
рэалізаваўшы сябе пісьменніцкі талент, маштаб асобы аўтара, самабытнасць і
арыгінальнасць яго твораў, глыбіня «творчага сузірання» рэальнасці».
Наогул жа, на
думку В. Халізева, якімі б істотнымі і важнымі ні былі меркаванні чытачоў,
толькі імі нельга вымяраць годнасць і мастацкую вартасць твораў. Гэта
пацвярджае шматвяковы вопыт развіцця сусветнага прыгожага пісьменства, лепшыя
творы якога не заўсёды і не адразу атрымлівалі высокую ацэнку і прызнанне
шырокай чытацкай публікі. Апошняя ў сувязі з даволі слабай мастацка-эстэтычнай
падрыхтаванасцю ў сваёй пераважнай частцы часам не ў стане адрозніць сапраўдны
шэдэўр ад паралітаратурнай падробкі і па-сапраўднаму ацаніць яго. Такім чынам,
мы пераходзім да праблемы грамадскай арыентацыі і прызначэння літаратуры і
мастацтва.
1.5 Элітарная
і антыэлітарная канцэпцыі літаратуры і мастацтва
Функцыянаванне
літаратуры адзначана рэзкай дыспрапорцыяй паміж тым, што створана і накоплена,
ажыццёўлена і дасягнута ў сферы слоўнага мастацтва, і тым, што можа быць поўна
і па-сапраўднаму ўспрынята і асэнсавана шырокімі коламі чытачоў. Разнароднасць,
а часам і палярнасць мастацкіх інтарэсаў і густаў грамадства парадзілі дзве
дыяметральна супрацьлеглыя (і ў роўнай ступені аднабаковыя) канцэпцыі
літаратуры і мастацтва: элітарную і антыэлітарную.
Тэрміны «эліта» і
«элітарнасць», нягледзячы на тое, што яны аднакарэнныя, выкарыстоўваюцца, як
правіла, у двух розных значэннях. Элітамі называюць грамадскія групы, якія з
дастатковай паўнатой далучаны да пэўнай галіны дзейнасці (мастацкай, навуковай,
філасофскай, дзяржаўнай, тэхнічнай і г. д.) і актыўна ў ёй сцвярджаюць сябе.
Негатыўнага сэнсу ў гэтым слове ў такім варыянце яго ўжывання няма. Словам жа
«элітарнасць» імянуюць сацыяльную з’яву, якая характарызуецца фанабэрыстай,
ганарыстай, напышлівай ізаляванасцю прадстаўнікоў прывілегіяваных груп, іх
адчужанасцю ад жыцця грамадства і народа.
Прыхільнікі
элітарнай канцэпцыі сцвярджаюць, што мастацкая творчасць прызначана для вузкага
кола знаўцаў. Такому разуменню мастацтва аддалі даніну павагі рамантыкі, у
прыватнасці іенская школа ў Германіі. Удзельнікі гэтай школы ўздымалі кола
мастакоў над усімі астатнімі людзьмі, характарызуючы апошніх як пазбаўленых
густу філістэраў. Падобным уяўленням аддалі даніну павагі пазней Вагнер,
Шапэнгауэр, Ніцшэ, Артэга-і-Гасэт і шэраг іншых мастакоў і мысліцеляў.
Такога кшталту
погляды і перакананні неаднаразова падвяргаліся суровай крытыцы з боку
прагрэсіўна арыентаваных пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Так, напрыклад, Т.
Ман у адным з пісьмаў сцвярджаў, што ізаляванае і замкнёнае ў сабе мастацтва
яго эпохі з часам трапляе ў сітуацыю «перадсмяротнай адзіноты». І выражаў пры
гэтым надзею, што будучыя мастакі павінны пераадолець гэтую ізаляцыю і знайсці
шляхі да шырокіх народных мас.
«Замыканню»
мастацтва ў вузкім коле яго дзеячаў, адлучэнню гэтай галіны ад жыцця шырокіх
слаёў грамадства супрацьстаіць іншага роду крайнасць, антыэлітарная, а менавіта
рэзкае і адназначнае непрыманне мастацкіх твораў, якія не могуць быць успрыняты
і засвоены шырокай публікай. Надзвычай скептычна адзываўся аб «вучоным»
мастацтве Русо. Моцна крытыкаваў многія першакласныя творы за іх недаступнасць
шырокім масам Л. Талстой у трактаце «Што такое мастацтва?».
«Абедзьве
канцэпцыі (элітарная і антыэлітарная) аднабаковыя ў тым, што яны абсалютызуюць
дыспрапорцыю паміж мастацтвам ва ўсім яго аб’ёме і тым, што можа быць зразумета
шырокай публікай: мысляць дадзеную дыспрапорцыю універсальнай і непераадольнай.
Па гэтай прычыне
даволі важнай задачай мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў (у тым ліку і
тэарэтыкаў) з’яўляецца пастаяннае напамінанне рэцыпіентам мастацтва, што працэс
успрымання і засваення мастацкіх каштоўнасцей — рэч надзвычай складаная,
напружаная і цяжкая.
Сапраўднае ж
прызванне і задача пісьменнікаў не ў «прыстасаванні» ўласных твораў да
папулярных і часам сапсаваных густаў і запатрабаванняў чытачоў, а ў тым, каб
шукаць і знаходзіць шляхі да пашырэння іх мастацкага кругагляду з мэтай
перспектыўнага далучэння да ўсё большай колькасці шэдэўраў нацыянальнага і
сусветнага прыгожага пісьменства.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Введение в литературоведение. Литературное
произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.
2. Давыдов Ю.Н. Искусство и элита / Давыдов Ю.Н. — М.,
1966.
3. Литературные манифесты западноевропейских
романтиков — М., 1980.
4. Литературный энциклопедический словарь.— М., 1987.
5. Хализев В.Е. Теория литературы - 2-е изд / Хализев
В.Е. — М., 2000.
6. Гурвич И.А. Беллетристика в русской литературе ХІХ
в. / Гурвич И.А. — М., 1970.
7. Лотман Ю.М. Массовая литература как историко-культурная
проблема // Лотман Ю.М. Избранные статьи: В 3 т.— Таллин, 1993.— Т. 3.
8. Мельников Н.Г. О понятии «массовая литература» //
Литературоведение на пороге ХХІ века.— М., 1998.
9. Фрадкин И.М. Тривиальный роман и пути его
распространения в ФРГ // Массовая литература и кризис буржуазной культуры
Запада.— М., 1984.